Як АЧС дапамагла ў разгрузцы складоў


З учорашняга дня на беларуска-літоўскай мяжы дэзінфекуюць кожную машыну, а пасажыраў прымушаюць мыць абутак. Гэткім чынам Вільня спрабуе абараніцца ад эпідэміі афрыканскай чумы свіней (АЧС). Тым часам жыхары вёскі Крупец – чарговага населенага пункту, да якога дабралася хвароба, кажуць, што больш вераць у патрэбу разгрузкі складоў і продажу заляжалых там маразільнікаў для захавання мяса забітых свіней, чымся ў АЧС.

{movie}Жыхары вёскі Крупец пра АЧС|right|11744{/movie}

Вяскоўцам прапаноўваюць толькі Br 18 тыс. за кілаграм свініны, да таго ж, як кажуць гаспадары, пажылых людзей часта падманваюць, заніжаючы вагу забітай жывёліны. На шчасце, мяса хворай свінні прыдатнае да спажывання, таму шмат хто набыў новенькія айчынныя маразільнікі.



«Тое ж самае, што з птушыным грыпам было, – хадзілі, нейкія ўколы рабілі курам, але ж кура – гэта не свіння. Маразільнікаў накуплялі, панаклалі. Па двое, па трое б’юць. Гэта ж трэба было людзей так напалохаць!»
– кажа пажылая жанчына.

З ёю згаджаецца большасць нашых суразмоўцаў. Праўда, справа, хутчэй, не ў тым, што яны падазраюць дзяржаву ў вялізарным падмане, а ў адсутнасці інфармацыі. Сельсавет і райвыканкам абмяжоўваецца агульнымі памяткамі пра самую хваробу. А мясцовая газета кажа, што галоўная пагроза ў… расейскіх камбікармах.

Нагадаем, што раней Белдзяржветцэнтр усклаў адказнасць за смерць тысяч жывёлінаў на беларускага прадпрымальніка, які прывёз камбікорм, куплены за мяжою.

«Хоць бы той наш Лукашэнка выступіў і сказаў нам. Мы гэтак збяромся з бабкамі ды кажам: няхай бы ён сказаў: ды не хвалюйцеся вы!», – наракаюць гаспадыні.

У Літве выступу кіраўніка Беларусі не чакаюць. Захады супраць эпідэміі нагадваюць кадры з пачатку якога-небудзь фільму-катастрофы. Кожны пасажыр мае выйсці на дэзінфекцыйны дыванок, ёсць большыя дываны і для легкавых аўтаў. З цяжкавікамі ўсё яшчэ сур’ёзней – машыны апрацоўваюць адмысловаю сумессю антыбактэрыяльнай вадкасці.

{movie}Дэзінфекцыя на беларуска-літоўскай мяжы|right|11745{/movie}

Да таго ж Літва разам з Польшчаю думаюць над стварэннем адмысловай агароджы ўздоўж мяжы з нашаю краінаю, дзеля перадухілення міграцыі дзікіх жывёлінаў. Пакуль што Ветэрынарна-харчовая служба Літвы паведаміла пра адпаведную пастанову і падпісанне рашэння, аднак фінансавыя рэсурсы пакуль не дазваляюць стварыць плот.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў