Алег Воўчак: КДБ цісне на адвакатаў, каб замяніць іх праўладнымі


Спецслужбы прыйшлі да адваката, які абараняе Алеся Міхалевіча.

Працаўнікі КДБ прыйшлі ў юрыдычную кансультацыю, дзе працуе Алег Агееў. Яны хацелі забраць усе дакументы, у тым ліку і па справе Алеся Міхалевіча, зняволенага экс-кандыдата на прэзідэнта. Пры гэтым паказалі паперу, падпісаную намеснікам начальніка ўпраўлення КДБ.

“Ніякая падстава для гэтакіх дзеянняў у лісце КДБ не пазначаная. Мяркую, што гэта незаконна”, – пракаментаваў дзеянні спецслужбаў Алег Агееў.

“Адвакатаў імкнуцца запужаць, каб яны ўвогуле адмаўляліся ад палітычных справаў”, – гаворыць праваабаронца Алег Воўчак. Ён нагадвае, што ў выніку ціску на адвакатаў з боку Міністэрства юстыцыі абараняць Ірыну Халіп адмовіліся ўжо двойчы. Робіцца гэта дзеля таго, каб справы вялі прызначаныя дзяржавай абаронцы. “Існуе вялікая небяспека, што яны будуць падыходзіць да сваіх абавязкаў фармальна і хаваць ад прэсы і грамадскасці ўсю інфармацыю”, – папярэджвае Алег Воўчак.

А гэта тэндэнцыя вельмі небяспечная, бо кожны грамадзянін Беларусі можа пазбавіцца гарантаванага законам права на незалежную абарону. Сведчаннем таму – ператрус у адваката Міхаіла Воўчака, што абараняў следчую Генеральнай пракуратуры Святлану Байкову. Супрацоўнікі КДБ забралі ў адваката ўсе дакументы па справе, нават нататкі ягонага выступу ў судзе. У выніку Міхаіл Воўчак напісаў заяву аб выхадзе з адвакатуры.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары