Аляксандра Варламава прыгаварылі да 4 гадоў абмежавання волі (дадалося відэа)


Мадэльер быў вызвалены ў зале суда. Цягам двух гадоў ён будзе знаходзіцца пад падпіскаю аб невыездзе і не зможа займаць кіроўныя пасады. Варламаву залічылі ўжо праведзены ў турме тэрмін – больш за два гады.

Ён таксама мусіць заплаціць шэраг штрафаў на карысць пацярпелых – самы буйны – для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту – каля 2,3 млрд. рублёў.

{movie}Аляксандр Варламаў пасля суда|right|11728{/movie}

Пракурор патрабаваў для Варламава 5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Яго вінавацілі ў незаконным выкарыстанні грошай падчас замежных візітаў удзельнікаў фестывалю «Млын моды». Сярод іншага, следства сцвярджала, што ён мог прысвоіць больш за 120 тыс. еўраў і каля 310 млн руб.

Падчас апошняга слова мадэльер не прызнаў сябе вінаватым ва ўхіленні ад падаткаў і ў эканамічных злоўжываннях, але прызнаўся ў іншым: ён трымаецца з апошніх сілаў.

“Я ў турме ўжо трэці год, дакладней – два гады і два месяцы. “Млын моды” спрабавалі прыбраць, але ні ў кога гэтага не атрымалася. А колькі цэнтраў моладзевай моды можна было б стварыць на грошы, выдаткаваныя на следства? Я ганаруся сваёю працаю, тым, што разам з удзельнікамі праекту мы ў кожнай краіне, у якую выязджалі, чулі: “Вы для сваёй краіны зрабілі шмат”, – казаў тады Варламаў.

Мадэльер падкрэсліў, што падчас працы над фестывалем “Млын моды”, які фігуруе ў крымінальнай справе, ні ў яго, ні ў ягоных памочнікаў не было заробку. Ён шукаў, выпрошваў грошы на праект паўсюль, дзе мог. Як вынік, у Беларусі з’явілася шмат маладых таленавітых мадэльераў, а пра нашую краіну сталі ведаць у модным свеце, мяркуе Варламаў.

У. Ш., belsat.eu

Стужка навінаў