Рабочыя «Граніту»: На прадпрыемства вяртаюцца старыя парадкі


Незалежны прафсаюз разбіты – кіраўнікоў звольнілі, а шараговых сябраў запалохалі. Відавочна, кіраўніцтву «Граніту» і гэтага было мала.

Як распавёў «Белсату» рабочы Сяргей, цяпер на прадпрыемстве праходзіць экзаменацыя тэхнікі бяспекі. Паводле працаўнікоў, камісія прыдзіраецца да былых сябраў незалежнага прафсаюзу, завальваючы іх на іспыце: «Вельмі моцна ціснуць. Начальства паводзіць сябе перадузята. Патрабуюць завучваць ледзь не кожны пункт у кожным раздзеле. Ідзе проста нейкі допыт, пры гэтым кажуць, маўляў, як не здасце, то шлях на Выбарг вам адчынены (маецца на ўвазе, што звольняць і паедзеце ў Расею працаваць). А ёсць жа і сталыя людзі, якім ужо на пенсію хутка, а іх гэтак палохаюць».



Працоўны кажа, што такім запалохваннем адміністрацыя намагаецца вярнуць статус-кво, які быў да пратэсту працоўных: «Я думаю, гэта робіцца, каб напужаць, каб прасцей было кіраваць статкам. Каб можна было націснуць потым, каб у святы выходзілі на працу».

Адзін з лідараў працоўнага пратэсту на «Граніце» Алег Стахаевіч раіць рабочым не баяцца, а самаарганізоўвацца: «Відаць, начальства мінулыя падзеі нічому не навучылі. Мінулыя ўрокі яны слаба засвоілі, напэўна. А рабочым я раю кіравацца словамі дэвізу расейскага Міжрэгіянальнага прафсаюзу працаўнікоў аўтапраму: «Хопіць плакаць – аб’ядноўвайцеся!». Не дзеля таго мы стваралі незалежны прафзвяз на «Граніце», каб дазваляць цяпер здзекавацца з рабочых».

Пратэст на «Граніце» пачаўся ў канцы 2011 года. Колькі соцень рабочых выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу і стварылі суполку незалежнага звязу. Яны зрабілі гэта, пратэстуючы супраць нізкіх заробкаў і хамства адміністрацыі прадпрыемства. Адразу ж на рабочых пачалі ціснуць, каб пакінулі незалежны прафсаюз. На прадпрыемства сталі прыязджаць высокія чыноўнікі, каб улагодзіць сітуацыю. Заробак на прадпрыемстве вырас з Br 3–4 млн да Br 15 млн.

Сітуацыя выклікала міжнародны розгалас. На падтрыманне незалежнага прафсаюзу выказваліся Міжнародная арганізацыя працы, канфедэрацыі прафсаюзаў Еўропы і Расеі, нават прафсаюзы Венесуэлы накіравалі лісты ўладам Беларусі з заклікам спыніць уціск рабочых «Граніту».

З прадпрыемства звольнілі актывістаў БНП Алега Стахаевіча, Мікалая Карышава, Генадзя Паўлоўскага, Людмілу Літвінку, Віталя Пашэчку, Леаніда Дубаносава.

Шмат хто са звольненых судзіліся з прадпрыемствам, але на працы не аднавілі нікога. Цяпер адбываюцца судовыя паседжанні паводле пазову Леаніда Дубаносава.

«Белсат» прысвяціў змаганню рабочых «Граніту» адмысловы рэпартаж «Людзі з граніту», што даступны ў фільматэцы тэлеканалу.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў