Бабулі збунтаваліся, або Ці закладзены ў нашую мову код паслухмянасці?


«Збунтавацца можна ў працы, а можна праз песню або верш», – тлумачаць вяскоўцы на Смаргоншчыне.

“Бунт” у пакінутай вёсцы?

У вёсцы Мірклішкі, што разлеглася пад старажытным Крэвам, большасць дамоў – не жылыя. Пакінула родную вёску, з’ехаўшы ў дом састарэлых у адзін з аграгарадкоў, і спадарыня Марыя. Толькі зрэдку яна наведваецца на радзіму, каб зірнуць на стан хаты і пабудоваў.

«Бачыш, Маня, шкадавала ты дроваў, не паліла, ламачча збірала ў лесе і дадому прыносіла, а цяпер поўная дрывотня засталася невядома каму», – звярнулася да сваёй аднавяскоўкі іншая жыхарка Мірклішак, спадарыня Рэгіна. Пенсіянерка дадала, што хадзіць ёй цяжка, бо нейкі час таму перанесла аперацыю на сцёгнах. «Трымала я каня. Наважвала яго пасціся на ланцугу. Аднаго разу, калі пераважвала, то заблыталася нагамі ў ланцугу, а конь сарваўся і панёс мяне па зямлі. Павыдзіраў мне ногі, скалечыў… Прадала каня і зрабіла за тыя грошы аперацыю. Так я і пабагацела», – падзялілася жанчына.

Каб крыху разагнаць сум, суседкі зацягваюць адну са сваіх улюбёных песняў «пра каханне», у якой цяга да дзяўчыны прывяла да смерці хлопца.

Бадай рэчанька, бадай быстрая

Сінім морам заплыла,

Бадай дзеўчына, чарнабрывая,

Нігды замуж не пайшла…

Гучаць-бруяць, як хвалі, словы старой песні, якую спявалі ў Крэве і ваколіцах мо яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага.

{movie}Як бунтуюцца бабулі, або Ці закладзены ў нашую мову код паслухмянасці?|right|11659{/movie}

«Маня, зноў мы збунтаваліся, – сказала да былой суседкі спадарыня Рэгіна. – Раз добра праспяваем, а раз збунтуемся».

Аказалася, кабеты выкарыстоўваюць слова «збунтавацца» ў значэнні ‘памыліцца, збіцца з ладу’: «Дзеці бунтуюцца ў школе, калі верш расказваюць, што настаўніца задала, або грошы лічыш – а нехта прыйдзе і збунтуе», – падалі вяскоўкі прыклады ўжывання слова.

Доўгая гісторыя слова

«Збунтавацца» са значэннем ‘парушыць парадак, памыліцца’ фіксуе «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча». На Пастаўшчыне, паводле крыніцы, адна з ткачых акрэсліла словам памылку пры працы: «Тку і збунтуюся, тады перарабляй».

Мовазнаўца Пётра Садоўскі заўважыў, што і ў іншай частцы Беларусі, на Полаччыне, таксама можна пачуць, што нехта «збунтаваўся». Паводле спадара Садоўскага, так перадусім кажуць пра вучня, які «збіўся, пачаў няўлад нешта казаць».

Паводле лінгвіста Змітра Саўкі, слова «бунтавацца» мае замежны радавод. Запазычанае нямецкае слова «Bund» ‘звяз, лучнасць’ у беларускай мове пачало абазначаць ‘бунт, групу змоўцаў’, адсюль «бунтаваць» – ‘быць разам супраць некага’. З цягам часу слова «бунтавацца» пашырыла сваё значэнне і пачало выкарыстоўвацца не толькі для азначэння нязгоды, але і каб акрэсліць памылку.



Гэтай думкі прытрымліваецца таксама Пётра Садоўскі: «Вось нехта ўтварыў ціхую кампанію, звяз – бунт. І ўзбунтаваўся. Усё ўскаламуціў, змяшаў. Адпаведна чалавек таксама можа змяшацца, здэтанавацца, расхвалявацца, заблытацца…» Паводле навукоўца, слова магло прыйсці ў нашую мову з польскай або ідышу.

Загадкавы код?

Калі ж ведаць, што мова ўплывае на свядомасць, то мо ў беларусаў, для якіх «збунтавацца» – гэта таксама ‘памыляцца’, узнікае падсвядомы перанос «бунт» > «памылка»?

Ці не закладзены нейкі ў нашай мове код паслухмянасці, які да сённяшняга дня ўплывае на беларусаў?

Пётра Садоўскі лічыць, што ні пра які код паслухмянасці не можа быць гаворкі. «Мова, канечне, пэўным чынам уплывае на свядомасць і звычкі. Але, здаецца, больш адлюстроўвае рэчаіснасць паводле сваёй так званай намінатыўнай функцыі. Што да слова «бунт» як спробу паўстаць, учыніўшы гвалт, згадваецца радок з расейскага паэта Маршака: «Мяцеж не можа скончыцца удачай, у іншым выпадку яго завуць іначай…» Слова, паводле адмыслоўцы, – умоўны знак, які не заўсёды мае быць матываваны.

Спадар Садоўскі згадаў, аднак, што яшчэ ў школе адчуў розніцу паміж беларусамі ды расейцамі, якая выявілася ў цікавым моўным прыкладзе: «Памятаю, у школьным падручніку расейскай мовы для 6-га класу ў раздзеле «Шипящие гласные» я спачатку не мог зразумець сказу «Тёма нарвал щавеля на щи». Як гэта можна шчаўе «рваць»? Яго ж «збіраюць», аддзяляючы кожны лісточак ад травы, каб не трэба было дома зноў сядзець і перабіраць. Можа, гэта ў расейскім характары – рваць шчаўе размашыста, жменяю?..»

Зміцер Саўка прызнаў, што мова фармуе свядомасць, але на сённяшні дзень ужыванне «збунтавацца» ў значэнні ‘памыліцца’, паводле яго, – з’ява перыферыйная, і з яе ўплывам на свядомасць можна не лічыцца. «Велічыня настолькі мізэрная, знікомая, што яе можна праігнараваць. Сказанае, напрыклад, Кіркоравым ці Галкіным мае на свядомасць беларусаў значна большы ўплыў, чымся выказванне большасці персанажаў з беларускай рэчаіснасці. На жаль, мадэлі маўлення і мыслення беларусаў фармуюцца сёння па-за Беларуссю», – мяркуе адмысловец.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў