Прэзідэнт Ізраілю з мястэчка Вішнева


Шымон Пэрэс ва ўрачыстай атмасферы атрымаў памятнае пасведчанне аб нараджэнні. Дакумент пацвярджае факт нараджэння аднаго з самых вядомых сучасных палітыкаў у Беларусі.

Прэзідэнт Ізраілю нарадзіўся 2 жніўня 1923 года ў мястэчку Вішнева Менскай вобласці. У рэзідэнцыі кіраўніка ізраільскай дзяржавы памятнае пасведчанне ўручыў Пэрэсу кіраўнік дэпартаменту Афрыкі і Блізкага Усходу Міністэрства замежных справаў Беларусі Ігар Ляшчэня, які раней цягам шасці гадоў узначальваў беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Ізраілі.

Ляшчэня не забыўся зазначыць, што прэзідэнта Ізраілю заўсёды радыя бачыць на ягонай малой радзіме.

Уручэнне памятнага пасведчання стала адным з шэрагу імпрэзаў, арганізаваных у Беларусі ў сувязі з набліжэннем 90-годдзя знакамітага земляка.

Шымон Перэс пражыў у Вішнева толькі 11 гадоў. Тады будучага прэзідэнта Ізраілю звалі Сёма Перскі, а вёска знаходзілася на тэрыторыі Польшчы.

Паводле ўспамінаў Пэрэса, там з большага жылі беларусы і расейцы.

Я нарадзіўся у маленькім габрэйскім мястэчку, якое ў першую сусветную і ў пачатку другой сусветнай вайны было польскім. Але было населенае перадусім беларусамі і расейцамі. І яны ненавідзілі палякаў. І адмаўляліся размаўляць на іхнай мове. Гэта было вельмі малое мястэчка, абсалютна габрэйскае і мы не жылі ні ў Польшчы, ні ў Расеі. Мы жылі ў Ізраілі ад самага пачатку, нават да іміграцыі”. – узгадваў спадар Перэс напярэдадні свайго 80-годдзя.

Не ўся сям’я тады яшчэ Перскіх эмігравала з Вішнева. У мястэчку застаўся дзед Перэса Цві Мельцэр, які выкладаў у мясцовай габрэйскай школе. Ён і амаль усе габрэі, што засталіся ў Вішнева, загінулі ў гета.

УШ, паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў