Стварылі верталёт, годны прэміі Сікорскага


Пасля 33-х гадоў чакання амерыканскае верталётнае аб’яднанне ўручыла ўзнагароду імя вялікага авіяканструктара Ігара Сікорскага за стварэнне верталёта на мускульнай цязе.

{movie}Заліковы палёт “Atlas”-a|right|11575{/movie}

Прэмію $ 250 тыс. атрымала канадская кампанія «AeroVelo» з універсітэту Таронта. Іхны апарат «Atlas» лятае на адной чалавечай сіле – пілот круціць педалі, што прыводзяць у рух чатыры вінты. Верталёт, а хутчэй квадракоптэр, ледзьве змяшчаецца на ўніверсітэцкім футбольным полі – шырыня апарату сягае 50 м, а даўжыня лопасцей кожнага вінта – 20 м. Разам з гэтым апарат важыць усяго 55 кг.

Умовы конкурсу толькі падаюцца простымі – цягам 33-х гадоў ніхто не здолеў збудаваць верталёт, які б адпавядаў патрабаванням прэміі: апарат мусіць выкарыстоўваць толькі «энергію чалавека» і пратрымацца ў паветры 60 секундаў. Амерыканскае верталётнае аб’яднанне падкрэслівае, што сэнс конкурсу не быў у тым, каб стварыць годны да штодзённага ўжытку апарат, а проста даказаць, што гэта магчыма.

Дарэчы, упершыню адарвацца ад зямлі на адной толькі мускульнай цязе атрымалася ў 1989 годзе. Тады гэтыя некалькі сантыметраў ад зямлі сталіся вялізарнаю сенсацыяй, аднак нават пасля сённяшняй перамогі «Atlas’у» да рэальнага ўжывання такіх апаратаў вельмі далёка.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў