Гісторыя беларускага эмігранта намінаваная на прэмію «Зроблена ў Расеі»


Галоўны герой кнігі Уладзіміра Казлова “Свабода” нарадзіўся ў Магілёве, але ў 1990-я паехаў шукаць лепшай долі ў Маскве. Як і сам аўтар раману – з тым толькі адрозненнем, што Уладзімір Казлоў вырашыўся на эміграцыю ў 2000-м.

Папрацаваўшы журналістам у Менску, Уладзімір Казлоў стаў адным з тых, хто падумаў: “Далей так немагчыма”, пасля серыі знікненняў людзей і далейшага згортвання дэмакратычных працэсаў у Беларусі.

І цяпер ён намінаваны на чарговую літаратурную прэмію ў Расеі. Прэмія “Зроблена ў Расеі” – зусім маладая, заснаваная модным інтэрнэт-праектам “Сноб” год таму. З увагі на гэта Уладзіміра Казлова можна назваць яе ветэранам, бо летась ён таксама быў сярод намінантаў. Апроч таго, яго можна было знайсці ў намінантах прэміяў “Вялікая кніга” (2010), “Нацыянальны бестселер” (2003, 2011, 2012), “Чалавек года” часопісу “GQ” у катэгорыі “Пісьменнік года” (2011, 2012) ды іншых.

Калі ў 2012 годзе раман “Свабода” выйшаў у продаж, водгукі не былі адназначна станоўчыя. Напрыклад, часопіс “Афиша” вінаваціў пісьменніка ў жаданні апісаць падрабязнасці жыцця 1990-х без аніякага іх аналізу: “Казлова цікавіць толькі эпоха – з усімі яе дэталямі, і, у меншай ступені, характар апавядальніка”.

{movie}Відэапрэзентацыя раману “Свабода”|right|11546{/movie}

Уладзімір Казлоў не згодны з такім бачаннем: “Я лічу, што гэта кніга важная менавіта для цяперашняга моманту. У наш час, у той сітуацыі, у якой цяпер жыве Расея, вельмі важна згадаць 1990-я гады і падумаць, чаму тады адбываліся тыя ці іншыя падзеі. На жаль, гэта не прачыталі, а шмат якія крытыкі звярнулі ўвагу толькі на вонкавыя рэчы, на апісанне дэталяў, не зазірнуўшы глыбей. Напэўна, гэта ўзровень цяперашні калялітаратурнай тусоўкі Расеі”.

Раманы Казлова і сапраўды ў пэўным сэнсе “зацыкленыя” на двух дзесяцігоддзях – 1980–1990-х. “Гэта былі вызначальныя гады, якія стварылі тую рэчаіснасць, у якой постсавецкія краіны жывуць цяпер. Як бы мы ні казалі, што цяпер нейкі зусім іншы этап, я з гэтым катэгарычна не згодны. Мы назіраем працяг таго часу. А 1990-я ўвогуле былі феноменам. Меў рацыю той, хто назваў іх адзіным дзесяцігоддзем свабоды ў 20-м стагоддзі на постсавецкай прасторы. У Беларусі, на жаль, не атрымалася і дзесяцігоддзя”, – тлумачыць аўтар.

Пры тым, што гэты перыяд Уладзімір Казлоў жыў яшчэ ў Беларусі, у творчасці ягонай апісваецца хутчэй агульная постсавецкая прастора. Гэта пісьменнік тлумачыць блізкасцю ў жыцці краінаў у тым перыядзе. Напрыклад, у экранізацыі аповесці “Дзясятка” ён з лёгкасцю замяніў Магілёў Чэлябінскам.

Выняткам стала кніга “Варшава”: “Гэта самая беларуская кніга ў мяне. І я не ведаю іншай, у якой адлюстроўваўся б той час і з чыста гістарычнага, храналагічнага гледзішча, і праз атмасферу тых гадоў. Ва ўсялякім разе, я спадзяюся, што здолеў адрадзіць яе”.

Дарэчы, наконт экранізацыяў. Пасля дэбютнага фільму “Дзясятка”, які выйшаў сёлета, і той жа “Сноб” назваў яго адным з найлепшых расейскіх фільмаў першага паўгоддзя 2013 года, Казлоў рыхтуецца да новых здымкаў. Гэтым разам паводле раману “Дахаты”, які ператворыцца ў стужку “Радзіма”. Бюджэт невялікі, да фінансавання будуць запрошаныя ўсе ахвочыя (прынцып краўдфандынгу, які нядаўна стаў папулярны не толькі ў кінаіндустрыі).

Здымкі адбудуцца ўжо ў лістападзе ў Маскве, Варшаве і ў адным буйным расейскім горадзе – дзе канкрэтна, пакуль яшчэ не вызначана. Беларусь як здымачная пляцоўка пакуль толькі далёкіх планах: “У мяне ёсць мара экранізаваць “Варшаву” як дакумент эпохі. Але гэта дастаткова дарагі праект, бо неабходна было рэканструяваць пачатак 1990-х”. Цяпер ужо распачаты кастынг на ролю галоўнага героя, якога можа сыграць і зусім не прафесійны актор.

Аліна Радачынская, belsat.eu

Стужка навінаў