Барыс Жаліба ў “Гарачым каментары”


Нават распрацоўнікі пяцігодак не вераць у выкананне запланаваных задачаў

Каментуе доктар эканамічных навук сумневы старшыні Нацбанку датычна выканання праграмы пяцігодкі. Новы прэм’ер Міхаіл Мясніковіч “вырашыў перагледзець запланаваныя лічбы, і цяпер мы бачым проста больш рэалістычныя паказнікі. Трэба нагадаць, што цяпер мы маем рэкорд адмоўнага сальда – гэта $ 10 млрд ЗША. Першапачаткова планавалася, што цягам трох гадоў Беларусь выйдзе на дадатнае гандлёвае сальда. Але ніхто з сур’ёзных эканамістаў у гэта не паверыў. Гэта зусім нерэальна, думаю, што і распрацоўнікі такіх планаў не вераць у падобны эфект”, – упэўнены Барыс Жаліба.

Сёння цалкам зразумела, што гэта былі толькі перадвыбарчыя абяцанні. Аднак, паводле эканаміста, Беларусь мае шанцы на паляпшэнне сітуацыі: у выпадку спрыяльных цэнаў на нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні ды ўдалых продажаў некаторых флагманаў нашае прамысловасці.

Не дадае аптымізму і сітуацыя з золатавалютнымі рэзервамі краіны, якія зменшыліся амаль на 14%. Паводле кіраўніцтва інфармацыі Нацыянальнага банку, такое зніжэнне золатавалютных рэзерваў – характэрная для студзеня з’ява, нягледзячы на тое, што сёлетні спад у некалькі разоў большы за аналагічныя перыяды папярэдніх гадоў.

“Адназначна – гэта ненатуральна, нават для пачатку года. Перадусім параўноўваючы з папярэднімі гадамі. Прычынаў некалькі – эканамічны ціск Расеі ды незадаволены попыт на валюту юрыдычных асобаў. Галоўныя пакупнікі валюты – гэта ўсё ж такі прадпрыемствы. А нашыя прадпрыемствы набываюць гэта за мяжой: і абсталяванне, і дэталі, і матэрыялы. Калі пазбавіць іх такой магчымасці, вытворчасць можа проста спыніцца”, – упэўнены Барыс Жаліба.

У выніку прагноз на найбліжэйшыя гады далёкі ад аптымізму. “Мы назіраем пачатак сур’ёзнага крызісу, – упэўнены эканаміст. – Давайце так паразважаем: нашае Міністэрства фінансаў усё ж такі размясціла чарговую пазыку 800 млн аблігацыяў. Я не ведаю, ці паступілі гэтыя 800 млн. Калі паступілі, то становішча выглядае яшчэ больш крытычна. Дадаць да гэтага тыя 687 млн адмоўнага сальда, і атрымліваецца, што мы за месяц праелі больш за мільярд даляраў! Нават калі яны яшчэ не паступілі, то становішча застаецца крытычным. Калі летась мы атрымлівалі траншы за акцыі “Белтрансгазу”, то цяпер такіх крыніцаў няма”.

belsat.eu
https://youtu.be/GyzA86r2tTM

Глядзі таксама
Каментары