Уначы ў Будславе маліліся дзясяткі тысяч асобаў (Дадалося відэа)


У мястэчку праходзіць фэст, прысвечаны 400-годдзю прабывання ў вёсцы абраза Маці Божай. У ноч з пятніцы на суботу ў Будславе адбылася начная працэсія і набажэнства.

Будслаўская ікона Маці Божай – адзін з найбольш шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі. Праславіўся цудамі вылечвання, якія апісаў пробашч Зялевіч у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650). Першы цуд, зафіксаваны ў 1617 годзе, – вяртанне зроку 5-гадоваму хлопчыку Іясафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым святаром-кармелітам. У той жа дзень Рэджынальд Тышкевіч пазбавіўся ад эпілепсіі, ад якой ён пакутаваў 7 гадоў. Зялевіч апісаў 42 цудоўныя вылекаванні.

Абраз месціцца ў касцёле Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Будслаў, напісаны невядомым майстрам у ХVI стагоддзі. Падараваны ў 1598-м Папам Рымскім Кліментам VIII менскаму ваяводзе Яну Пацу з нагоды ягонага пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. На пачатку XVII стагоддзя абраз трапіў у кляштар бернардынаў.

На ўрачыстасці запрошаныя праваслаўныя, мусульмане, іудзеі, пратэстанты, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламаты. Паводле пастановы Папы Рымскага Францыска, старшыня Папскай рады ў міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран будзе легатам пантыфіка на ўрачыстасцях.

На імпрэзу прыбылі пілігрымы не толькі з усёй Беларусі, але таксама з Польшчы ды Украіны.

Праграма ўрачыстасцяў

5 ліпеня, пятніца.

13:00–17:00 – сустрэча і прывітанне пілігрымаў;

16:00 – прынясенне копіі абраза Маці Божай у Будслаў;

17:45 – прынясенне рэліквіяў св. Тэрэзы з Лізьё (размяшчэнне на алтары);

18:00 – святая імша для пілігрымаў (алтар на сцэне);

20:30 – Марыйныя Нешпары (алтар на сцэне);

21:00 – Крыжовы паход вакол парку;

22:30 – Акафіст у выкананні хору грэка-каталіцкай царквы (алтар на сцэне);

23:00 – рахунак сумлення (алтар на сцэне);

23:40 – падрыхтоўка да працэсіі;

Унясенне прадстаўнікамі чатырох дыяцэзіяў копіі абраза Маці Божай Будслаўскай, якая пілігрымавала па Беларусі.

0:00 – працэсія з копіяй абраза Маці Божай вакол парку, пасля – святая імша (алтар на сцэне).

6 ліпеня, субота.

2:00 – адарацыя Найсвяцейшага сакраманту (праводзіць моладзь у касцёле);

2:00 – святая імша паводле грэка-каталіцкага абраду (алтар на сцэне);

2:00 – моладзевая праграма ў намётавым гарадку;

5:30 – інфармацыйная гадзіна пра беззаганнае зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі і заканчэнне адарацыі ў касцёле;

6:00 – святая імша на польскай мове (цэлебруюць айцы бернардзіны ў касцёле);

7:30 –ружанец (алтар на сцэне);

9:00 – святая імша (алтар на сцэне).

Уручэнне ўзнагародаў пераможцам конкурсу “Ave Maria Будслаў” – прызнанне ў любові”.

11:00 – галоўная святая імша (алтар на сцэне). Выстаўленне Найсвяцейшага сакраманту. Эўхарыстычная працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай і рэліквіямі св. Тэрэзы. Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Пасля імшы адбудзецца гашэнне маркі, выдадзенай з нагоды будслаўскага юбілею.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў