Гісторыя адной жанчыны: 50 гадоў побач з беларускім кардыналам


Кардынал Казімір Свёнтэк ніколі не імкнуўся займець уласную рэзідэнцыю. Паўстагоддзя ён пражыў у доме бацькоў Барбары Шыманьскай.

Апошнія дзесяцігоддзі спадарыня Барбара атачыла кардынала ўсебаковаю апекаю. Яна сачыла і за тым, каб журналісты не перашкаджалі яму ў прыватным жыцці. Аднапавярховы дом з садам на адной з вуліцаў Пінску стаў для яго ўтульнаю крэпасцю, уваход у якую быў дазволены толькі абраным. “Белсату” першаму з беларускіх медыяў удалося трапіць туды дзякуючы аднаму з польскіх даследнікаў. Напярэдадні другой гадавіны смерці кардынала Барбара Шыманьска згадзілася распавесці нам пра тое, якім было жыццё побач з высокім духоўным саноўнікам.

Квіткі на вайну

Спадарыня Барбара нарадзілася ў Пінску 1932 годзе і засталася тут назаўсёды. Адсюль паходзіў ейны бацька, які быў тэхнікам і спецыялізаваўся ў рачным будаўніцтве (пашырэнні вадаёмаў). Падчас паездкі ў Горадню ён сустрэў сваю будучую жонку – Гэлену Лейнштэрн. Паколькі муж добра зарабляў, яна займалася домам і дзецьмі: спадарыня Барбара і яе сястра былі блізняты. Пазней маці гатавала і для будучага кардынала.

У апошні год, калі Пінск уваходзіў у склад Польшчы, Барбара Шыманьска пайшла ў першы клас. Сям’я купіла квіткі ў Горадню на 1 верасня 1939 года, каб наведаць матчынага брата. Але ў дарогу не пусціла вайна. З часоў акупацыі ёй запомнілася, як па іхнай вуліцы гналі ў гета габрэяў і мама зачыняла дачок у самым далёкім пакоі, каб не бачылі жудасных сцэнаў і не чулі плачу.

Пасля вайны ўсю вуліцу, на якой жылі палякі, арыштавалі. Шыманьскіх уратавала толькі хвароба главы сям’і: бацька спадарыні Барбары меў язву страўніка. У савецкай школе сёстрам было цяжка: яны не ведалі расейскай мовы. (Спадарыня Барбара дагэтуль размаўляе па-расейску з польскім акцэнтам, характэрна вымаўляючы “л”.)

Паколькі бацька працаваць не мог, Барбара пасля школы вырашыла дапамагаць сям’і ды ўладкавалася ў рэгістратуру паліклінікі, пасля скончыла бухгалтарскія курсы і вечаровую школу медсясцёр. Праз некаторы час спадарыня Барбара перайшла працаваць у аддзяленне акулістыкі, дзе і дачакалася пенсіі.

Казімір Свёнтак скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску ў 1939 годзе, быў пасвячоны ў святары. Арыштаваны за “шпіянаж” і прысуджаны да расстрэлу савецкімі ўладамі, два месяцы правёў у камеры смяротнікаў у берасцейскай турме. Прысуду не дала выканаць Вялікая Айчынная вайна, падчас якой вязні турмы былі вызваленыя. Затым ксяндза хацелі расстраляць нямецкія акупанты, але не паспелі, бо пачалося вызваленне Беларусі. У 1944 годзе савецкія ўлады асудзілі Свёнтэка на 10 гадоў лагераў.

Пасля ссылкі вярнуўся ў Пінск, у 1991 годзе быў прызначаны першым мітрапалітам Менска-Магілёўскай мітраполіі і апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. У 1994 годзе атрымаў званне кардынала. У 2004 годзе Папа Рымскі Ян Павал II уручыў кардыналу спецыяльную ўзнагароду “Fidei Testis” (“Сведка веры”). У 2006 годзе прэзідэнт Францыі Жак Шырак узнагародзіў кардынала званнем камандора Ганаровага легіёну. Памёр Казімір Свёнтэк у 96 гадоў.

Спачатку ксёндз заставаўся на вячэру

Ксёндз Свёнтэк вярнуўся з Варкуты ў родны Пінск у 1954 годзе і адразу пачаў навязваць кантакты з мясцовымі палякамі. Спачатку здымаў пакоі ў дзвюх пажылых спадарыняў, але гэтак і не змог прызвычаіцца да іхнай кухні (у яго былі праблемы са страўнікам). Тады ксёндз стаў часцей бываць у доме бацькоў спадарыні Барбары і звычайна заставаўся на вячэру. Пазней прызнаўся, што яна замяняла яму абед.

А гатавалі ў Шыманьскіх традыцыйныя стравы: фаршаваную рыбу і курку, боршч, капуснік, шчаўе, на сняданак – абавязкова малочны суп. Ксяндзу Свёнтэку пра савецкі лагер апрача прывезеных на памяць ватніка, зімовай шапкі ды драўлянай валізкі, штодня нагадвала падарванае здароўе. Патрэбная была санаторная дыета. Так ён і перасяліўся да Шыманьскіх. І як аказалася – назаўсёды.

Спадарыня Барбара, якая спачатку дапамагала гатаваць маме, пасля ейнай смерці – сястры, а ўрэшце запанавала на кухні аднаасобна, нават курэй для кардынала набывала абавязкова жывымі ды сама забівала, каб стравы з іх былі як мага больш свежыя. Дзічыну і рыбу да стала прывозіў ён сам. У Пінску ён пазнаёміўся з двума братамі, адзін з якіх браў яго на паляванне, другі – на рыбалку. Рыбы заўсёды прывозіў шмат, а вось паляўнічыя трафеі, як мяркуе спадарыня Барбара, яму дарылі. “З дубальтоўкі ж ён страляў, а вось ці забіваў што – цяжка сказаць”, – пасміхаецца яна.

Пра мужа Барбара Шыманьска шмат не распавядае. Кажа толькі, што заўсёды марыла выйсці замуж за мужчыну, які свабодна размаўляе па-польску. І вось – сустрэла літоўца, які адпавядаў гэтаму крытэру. Дарэчы, павянчаў іх у Пінску тады яшчэ ксёндз Свёнтэк. У бацькоўскім доме жонкі маладыя і пасяліліся. Сужэнства доўга не пратрымалася. Прычынаю, паводле спадарыні Барбары, была любоў мужа да алкаголю. Больш яна ніколі не пабралася шлюбам.

Зямныя захапленні: сад, футбол, матацыкл

Справаю жыцця кардынала Свёнтэка стала рэстаўрацыя Пінскага кафедральнага касцёлу. Паводле нашай суразмоўніцы, ён вельмі не любіў прасіць грошай на патрэбы касцёлу ў простых людзей, таму часцей за ўсё звяртаўся па дапамогу да каталіцкіх саноўнікаў за мяжою.

Шукаючы выйсця з цяжкай сітуацыі, кардынал заўсёды звяртаўся ў малітвах да свайго духоўнага настаўніка – біскупа Зыгмунта Лазіньскага, труну з целам якога падчас вайны хавалі ў бочных алтарах кафедральнага касцёла. Менавіта пра яго Казімір Свёнтэк меўся распавесці семінарыстам, спяшаючыся на сустрэчу да якіх, зачапіўся дома за канапу, упаў і атрымаў траўму сцягна, якая стала для яго фатальнаю…

Зямным захапленнем ксяндза-кардынала, апрача рыбалкі і палявання, быў футбол. Па тэлевізары глядзеў толькі спорт і зрэдку – выданні навінаў. Любіў папрацаваць у садзе, дзе рос вінаград. А любімага сабаку Аса вазіў з сабою на матацыкле ў люльцы.

Візіт да Папы Рымскага

На самым відным месцы, над канапаю ў гасцёўні – здымкі з візіту да Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Адна са сцэнаў: кардынал Свёнтэк прэзентуе пантыфіку сваю гаспадыню Барбару Шыманьску. “У касцёле на адным баку сядзелі людзі, на другім – святары і манахіні, якіх кардынал прадстаўляў Папе. Яны па чарзе ўзыходзілі да іх па лесвічцы. Я паціху перасела да сёстраў і пасля таксама забралася па прыступках. Кардынал патлумачыў пантыфіку: гэта мая гаспадыня спадарыня Шыманьска, у доме ейных бацькоў я жыву ўжо доўгія гады. У мяне мову адняло, нічога сказаць так і не змагла. Толькі пацалавала пярсцёнак на руцэ Яна Паўла ІІ”. Тады ў Рым з Пінску для ахвотных арганізавалі паездку аўтобусам.

Цяпер спадарыня Шыманьска жыве адна. Святую імшу глядзіць па польскім тэлебачанні, слухае польскае радыё. Узгадвае, што ў праграме, прысвечанай кардыналам, казалі, што ў самых сціплых умовах жыў Казімір Свёнтэк.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў