Тэатралам, спартоўцам і дырэктарам міліцыя выдасць «ксівы». Узамен на што?


Сёння на першае паседжанне збярэцца грамадскі савет пры Міністэрстве унутраных справаў Беларусі. У яго склад уваходзіць 21 чалавек: кіраўнікі з розных сфераў, ад прамысловасці да мастацтва.

Няўжо грамадскі кантроль?

Грамадскі савет створаны з ініцыятывы МУС. Гэты кансультацыйны орган мае, на думку праваахоўнікаў, «узгадняць грамадска значныя інтарэсы грамадзянаў, дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацыяў, а таксама спрыяць развязанню найбольш важных пытанняў дзейнасці праваахоўнікаў».

Аднак прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных экспертаў, а тым больш праваабаронцаў і апазіцыянераў у ім няма. Затое ёсць дырэктары тэатраў, кіраўнікі адукацыйных установаў, Беларускай праваслаўнай царквы, спартоўцы, дырэктары прамысловых гігантаў, такіх, як «Палімір» і «Беларуськалій». Агулам – 21 асоба.

Андрэй Бандарэнка з праваабарончай арганізацыі «Платформа», што займаецца, сярод іншага, выпадкамі катавання ў міліцэйскіх пастарунках і беларускіх турмах, да такога складу грамадскага савету ставіцца скептычна: «Каментаваць усур’ёз значнасць гэтага савету пры МУС вельмі цяжка, бо гэта больш падобна на своеасаблівы цырк пры МУС. Лепш бы ў міністэрстве заняліся сваёй непасрэднаю працаю ды расследавалі факты катаванняў і злоўжыванняў, якія мы агучваем. Але яны, хутчэй за ўсё, пастанавілі падправіць выключна імідж замест таго, каб вырашаць праблемы».

Міліцыя, якой не вераць

А праблемаў у беларускай міліцыі хапае. Адна з іх – не самае лепшае стаўленне з боку насельніцтва. Паводле апытанняў, якое праводзіла МУС, поўнасцю міліцыі давярае каля 35 % насельніцтва. Рэшта – давярае «няпоўнасцю» або не давярае зусім.

«Сёння галоўная праблема следчых органаў – гэта адсутнасць якаснага расследавання ды «выбіванне» паказанняў з затрыманых. Ёсць выпадкі, калі да нас звяртаюцца грамадзяне, якія не змаглі абараніць сваіх правоў з дапамогаю міліцыі. Тады нам даводзіцца аказваць пэўны ціск дзеля таго, каб МУС пачало займацца сваёй працаю», – гаворыць Андрэй Бандарэнка.

На думку праваабаронцы, грамадскі савет пры МУС неабходны, але не ў такім складзе ды не з такімі функцыямі, як той, што ствараюць цяпер: «Трэба збіраць экспертаў, у тым ліку і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Праца такога дарадчага органу была б толькі на карысць праваахоўнай сістэме».

Дырэктар Тэатру оперы і балету з «ксіваю»

Паводле афіцыйнага сайту МУС, на першым паседжанні чальцы савету нават атрымаюць адмысловыя пасведчанні. «Яны стануць пропускам ва ўсе падраздзяленні органаў унутраных справаў нашай краіны і будуць нагадваць пра тое, што чалец грамадскага савету пры МУС – не толькі асаблівы прадстаўнік грамадства ў міністэрстве, але і яго прадстаўнік у грамадстве», – гаворыцца ў паведамленні МУС.

Паседжанні будуць адбывацца раз на тры месяцы, пры гэтым збірацца будуць асобныя часткі савету – у адпаведнасці з галіною, у якой працуе эксперт: мастацтва, медыцына і спорт, праца са СМІ ды г. д.

Склад грамадскага савету пры МУС:

Павел Палякоў, гендырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы

Уладзімір Грыдзюшка, гендырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету

Уладзімір Пракапцоў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музею

Ірына Дарафеева, загадчыца кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў

Святлана Стацэнка, мастацкая кіраўніца цэнтру рыхтавання таленавітай моладзі імя У. Мулявіна

Мікалай Шчокін, дырэктар Інстытуту дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры прэзідэнце

Валерый Гайдукевіч, намеснік старшыні сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў у справе нацыянальнай бяспекі, старшыня Беларускага саюзу ветэранаў вайны ў Афганістане, былы камандуючы ўнутранымі войскамі

Леанід Гуляка, упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў

протаіерэй айцец Фёдар Поўны, настаяцель Усіхсвяцкага прыходу БПЦ

Марына Лобач, алімпійская чэмпіёнка, суддзя і трэнерка па мастацкай гімнастыцы, кіраўніца дзіцячай школы імя Марыны Лобач і камісіі «Жанчыны і спорт» у выканкаме НАК, чалец прэзідыуму цэнтральнага савету БФСТ «Дынама»

Алег Жэбін, дырэктар заводу «Палімір» ААТ «Нафтан»

Валерый Кірыенка, гендырэктар «Беларуськалію»

Алег Румо, кіраўнік РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак

Генадзь Давыдзька, старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі

Павел Якубовіч, галоўны рэдактар установы Адміністрацыі прэзідэнта «Рэдакцыя газеты «Советская Белоруссия».

————–

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў