«Віцебскі шпіён» больш не шпіён?


Андрэю Гайдукову, крымінальная справа якога слухаецца ў Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме, перакваліфікавалі абвінавачанне. Цяпер яму пагражае 2 гады зняволення, а не 15. Прысуд – 1 ліпеня.

Генпракурор Аляксандр Канюк, які паведаміў пра змену абвінавачання, не назваў артыкулу, паводле якога будуць судзіць Андрэя Гайдукова. З самага пачатку яго вінавацілі ў «намеры падпісаць пагадненне з амерыканскімі спецслужбамі» – менавіта за гэта можна атрымаць да 2 гадоў турмы. Пазней стала вядома, што Андрэя Гайдукова вінавацілі паводле арт. 356 «здрада Радзіме» (пакаранне – ад 7 да 15 гадоў турмы).

Напрыканцы траўня кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык заявіў журналістам, што абаронцы «шпіёна» Андрэя Гайдукова «зменяць сваё меркаванне пасля выраку». Магчыма, у абвінавачвання не аказалася пераканальных доказаў таго, што 23-гадовы актывіст сапраўды збіраў інфармацыю для іншаземнай выведкі. Таму не выключана, што Гайдукова будуць судзіць «за намер».

Андрэя Гайдукова затрымалі 8 лістапада 2012 года, паводле версіі следства, «у момант закладання тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Пасля затрымання яго перавялі ў следчы ізалятар КДБ у Менск. Затым маладога чалавека неаднаразова перавозілі з Менску ў Віцебск і назад.

На думку прадстаўнікоў апазіцыі ды праваабаронцаў, прычынай арышту Гайдукова стала ягоная актыўная грамадская дзейнасць.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў