Апошні прафсаюзны актывіст падаў у суд на «Граніт»


Звольнены з РУП «Граніт» Леанід Дубаносаў падаў у суд на прадпрыемства. Ён упэўнены, што яго звольнілі за ўдзел ў незалежным прафсаюзе.

У пазове да «Граніту» спадар Дубаносаў патрабуе аднавіць яго на працы, выплаціць заробак за змушаны прагул з часу звальнення, а таксама Br 1 млн матэрыяльнай дапамогі: «Я не згодны са звальненнем, лічу яго незаконным і звязаным з пераследам за прафсаюзную дзейнасць. Кіраўніцтва «Граніту», мясцовыя органы ўлады, органы МУС і КДБ разгарнулі кампанію разгону суполкі незалежнага прафсаюзу. Частку людзей запалохалі, астатніх – звальняюць».

Леанід Дубаносаў працаваў на каменездабыўчым прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах 24 гады. 16 траўня яго звольнілі з пасады памочніка экскаватаршчыка з фармулёўкаю «у сувязі са сканчэннем кантракту».

За ўсе гады працы рабочы не меў ніякіх дысцыплінарных спагнанняў і начальства не мела да яго ніякіх заўваг. Але пасля ўступлення напрыканцы 2011 года ў Беларускі незалежны прафзвяз, да актывіста пачаліся «прыдзіркі». То ён не мог з першай спробы здаць іспыт па электрабяспецы, то начальства пачало рабіць заўвагі да ягонай працы. Хаця ў прыватнай размове, кажа спадар, начальнікі адкрыта яму казалі, што пакінуць яго «дапякаць», калі ён выйдзе з незалежнага прафсаюзу.

Леанід Дубаносаў адмовіўся ад такога ўльтыматуму. Пасля гэтага за дзень яму выпісалі 2 дысцыплінарныя спагнанні, адно з якіх – за кабель, які ляжаў не на тым месцы. Гэтыя спагнанні быццам і паслужылі прычынаю звальнення.

Спадар Дубаносаў быў апошнім актывістам суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на «Граніце». Раней былі звольненыя кіраўнік суполкі Алег Стахаевіч, актывісты Мікалай Карышаў, Генадзь Паўлоўскі, Віталь Пашэчка, Анатоль і Людміла Літвінкі. Астатнія некалькі соцень сябраў прафсаюзу пад ціскам і пагрозамі начальства пакінулі суполку цягам года.

Звольненыя актывісты судзіліся з прадпрыемствам, але ніводнага не аднавілі на працы. Суды заўсёды займалі бок адміністрацыі. Толькі ў адзінкавых выпадках удалося часткова перамагчы – калі Алег Стахаевіч адсудзіў у прадпрыемства Br 865 тыс.

Пратэст на «Граніце» пачаўся ў канцы 2011 года. Колькі соцень рабочых выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу і стварылі суполку незалежнага звязу. Яны зрабілі гэта, пратэстуючы супраць нізкіх заробкаў і хамства адміністрацыі прадпрыемства. Адразу ж на рабочых пачалі ціснуць, каб пакінулі незалежны прафсаюз. На прадпрыемства сталі прыязджаць высокія чыноўнікі, каб улагодзіць сітуацыю. Заробак на прадпрыемстве вырас з 3–4 да Br 15 млн.

Сітуацыя на прадпрыемстве выклікала міжнародны розгалас. На падтрыманне незалежнага прафсаюзу выказваліся Міжнародная арганізацыя працы, канфедэрацыі прафсаюзаў Еўропы і Расеі, нават прафсаюзы Венесуэлы накіравалі лісты ўладам Беларусі з заклікам спыніць уціск рабочых «Граніту».

«Белсат» прысвяціў змаганню рабочых «Граніту» адмысловы рэпартаж «Людзі з граніту» , які даступны ў фільматэцы тэлеканалу.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў