Ваенная lovestory: бацькі міністра Захаранкі пазнаёміліся на працах у Нямеччыне


Кёльн, травень 43-га. Маладая ўкраінка Ульяна выйшла па ваду з рэстарацыі, дзе працавала на кухні. А вярнуцца ўжо не змагла – будынак разбамбілі разам з гаспадарамі. Прытулак знайшоўся на драцяной фабрыцы, дзе дзяўчына сустрэла свайго будучага мужа – беларуса Міколу. Вось гэтак вайна заручыла бацькоў беларускага палітыка Юрыя Захаранкі.

З бацькоўскай сям’і Юрыя Захаранкі ў жывых засталася толькі маці Ульяна Рыгораўна. Бацька Мікалай памёр ад сухотаў, за ім пайшоў брат Уладзімір. Зрэшты, на якім свеце сам Юры – былы міністр унутраных справаў Беларусі, апанент Лукашэнкі – дакладна невядома. 22 чэрвеня ў Дзень памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны разам з Ульянаю Захаранкаю ўзгадаем пра вайну. Не пра старонку гісторыі, а пра рэальнае жыццё – штодзённае змаганне праз кароткія подыхі радасці, надзеі ды кахання.

Остарбайтэрша

У 1941-м шмат хто з нямецкіх працаўнікоў пайшоў на фронт і ў краіне ўзнік працоўны крызіс. Выйсце з яго хутка знайшлі – вырашылі выкарыстоўваць насельніцтва з акупаваных тэрыторыяў. Вёска Шахварастаўка ў Палтаўскай вобласці бліз Міргараду стала гэткаю тэрыторыяй. Тут жыла сям’я 17-цігадовай дзяўчыны Ульяны. У сям’і Лазарэнкаў – чацвёра дзяцей, сельская гаспадарка: гусі, качкі, свінні, агарод. Старэйшага брата Ульяны прызвалі на вайну (з яе Васіль Лазарэнка вярнуўся Героем Савецкага Саюзу). Ульяна Рыгораўна распавядае, як толькі прыйшлі немцы, малодшая сястра схавалася ў склепе, так там ледзь не паўгода прасядзела. А яе самую, каб не забралі ў Нямеччыну, у накіравалі працаваць у саўгас.

«Немцы былі прайшлі, а потым вярнуліся. І мяне з малодшаю Міланняю забралі. Нас 12 чалавек з вёскі было. Апошнія ехалі. Бацька дамовіўся з паліцаямі, што на вакзале, як будзе цягнік рушыць, мы павыскокваем з вагона. А яны як замкнулі тыя вагоны, так даехалі замкнёныя. Есці з дому ўзялі таго-сяго, галоднымі не былі, але самае галоўнае, што страшна. Гэта ж вайна, фронт. І вагоны разбівалі, людзей забівалі, узрывалі цягнікі», – расказвае жанчына.

Остарбайтэр. У перакладзе з нямецкай гэта значыць «працаўнік з усходу». Гэтак у ваеннай Германіі называлі прыгонных грамадзянаў СССР. Ульяна Рыгораўна стала адною з іх. У часы вайны з Савецкага Саюзу нямецкія ўлады прымусова вывезлі 4 мільёны 979 тысяч асобаў мірных жыхароў. Больш за 60 % былі з Украіны.

«Калі мы паехалі ў Кёльн, нас у лагер накіравалі. Гэта – драўляныя баракі, з двух- і трохпавярховымі койкамі. Мы пераночылі, а на раніцу ў шарэнгу нас пастроілі. Гаспадары прыходзяць і выбіраюць сабе работнікаў. Каго – на фабрыку, каго куды. Мяне гаспадыня ўзяла самую першую з нашай вёскі. Я такая нягодная была, вока мне запарушыла. Але я кажу, што тут мая сястра стрыечная, кузіна. Я ведала, як сказаць, бо ў школе нямецкую мову вучыла. Гаспадыня паглядзела на сястру і тую ўзяла. Толькі яна потым працавала асобна ад мяне, мы з ёй год амаль не бачыліся», – прыгадвае Ульяна Захаранка.

Нямецкі прыём

Ульяна трапіла на працу ў рэстарацыю да бяздзетнай пары пенсіянераў. Гаспадыня Кета (Катарына) сачыла за бізнесам, працавала на бары, муж Куна займаўся чымсьці іншым. Яны ўзялі яшчэ двух дзяўчат – Ліду і Марыю. Яны з Ульянаю былі суседкамі па вёсках.

«Да Катарыны я трапіла на Раство. Стол накрыты, прыйшла сястра ейная Елена і мужык быў. Я для свята прыбралася: сукенка з дому новенькая была, валасы свае прыбрала кучаравенькія, чорныя, як у галкі. А гаспадыня мне падарунак дае. Розныя цукеркі, каробку з туфлямі, пакет з сукенкаю. Мадам мяне адправіла на трэці паверх пераапранацца. Так яны мяне, як малпачку, круцілі, глядзелі, якая я прыгожая стала. Сукенка з бантам, туфлі, панчохі. Мадам цалуе мяне: «Du meine Tochter – Ты – мая дачка», – расказвае пра цёплы прыём немцаў спадарыня Захаранка.

Белыя рабыні

Ульяна Рыгораўна з ахвотаю распавядае пра нямецкі ваенны быт, у які яе прымусова змясцілі, вырваўшы з вясковага жыцця.

«Жылі мы на трэцім паверсе рэстарану. У нас там пасцелі былі, мэбля, усё было, як павінна. Працавалі, клаліся а дванаццатай, а трэцяй ужо падымаліся. Бо там бамбёжка, мы па некалькі разоў у падвал з гаспадарскімі чамаданамі хаваліся. У нас няма багацця, а ў яе там – што хочаш. І грошы, і золата, і адзенне».

Дзяўчаты дружна жылі. Ульяна з Лідаю на кухні працавалі, а Марыя пакоі прыбірала.

«Спачатку і я пакоі прыбірала. Гаспадыня цукерак накладзе ў крыштальную вазу, а я ніколі ў жыцці не вазьму. А Марыя як прыбірала, так толькі шкло не паесць. Я баялася, што Кета мяне ззаду за плечы схопіць ды адлупіць. Гаспадыня ўсё роўна пасля мне тыя «камеле» ўсе аддавала. Мы з дзеўкамі ў сваіх спальнях і панаядаемся», – расказвае жанчына.

А бывае, грошы знайду, адну марку, і кажу: «Madam, Es ist Ihr Geld» (Мадам, гэта вашыя грошы). А яна адказвае: «Danke, Julia. Das ist für Sie» (Дзякуй, пакінь сабе). Вось гэтак яна правярала.

Немка палюбіла ўкраінку Ульяну. На выходных брала з сабою ў царкву, кіно або госці. Яна казала: «Юля, скончыцца вайна, мы паедзем да цябе на Радзіму, бацькоў пабачыш. І ты ўсё роўна паедзеш са мною назад і будзеш гаспадыняю ў рэстарацыі».

Тапкі з вячэраю

Гаспадыня дысцыпліну ў рэстарацыі трымала па-свойму. За правіннасці пакідала дзяўчат без ежы. Напрыклад, калі дзяўчаты ў выходны дзень вярталіся пазней, чым прызначана.

«Трэба было а сёмай з’яўляцца, а мы спознімся і а дзявятай прыйдзем. Дык яна есці нам не дасць. А няма дурных – рускі Іван усё адно вас абдуе. Я на кухні працавала, то з аднаго куска адрэжу, то з другога. А Марыя прыйдзе на кухню, нібыта тапкі адносіць, а ў тыя тапкі ежы набярэ і пайшла наверх, дзе мы жывем. А там мэбля дзіравая – туды і панапіхаем. Калі спаць класціся было, то мы на вахце стаялі: дзве ядуць, а адна каля дзвярэй вартуе. Панаядаемся, а тады смяемся», – узгадвае спадарыня Захаранка.

У Кёльне дзяўчаты завязалі сяброўства з землякамі, якія працавалі на фабрыках. Дапамагалі ім, чым маглі.

«Мы чаго-небудзь у пакецік пакладзем, булак, селадца, мяса – трошкі чаго ўкрадзем. Увечары, калі рэстарацыю прыбіраем, то сцеражом, калі нашая сяброўка з працы будзе праз нас ісці. Паліцай дзесьці наперадзе, а мы ёй раз – кінем, а яна запазуху і схавае», – апавядае пра няхітрае выжыванне Ульяна Рыгораўна.

Нямецкая кухня

За дзень Ульяна Рыгораўна паспявала нагатаваць больш як на дзве сотні асобаў. Працаваць трэба было хутка, каб кожны атрымаў свежую страву. Немцы любілі есці смажаную рыбу, бульбу з амлетам, салаты розныя з бручкі, шпінату. Маладую ўкраінку здзівіла, што яны не дадаюць у супы бульбы і ядуць іх без хлеба. На трэцяе ў рэстарацыі падвалі пудынг з варэннем.

Грошай за работу дзяўчынам не плацілі. Гаспадыня давала нейкія капейкі, на якія можна было толькі паштовак набыць. Ульяна Рыгораўна гэткім чынам ліставалася з братам Мішам, які таксама быў на прымусовых працах у Кёльне.

30 траўня 1942 года

30 траўня 1942 года Ліда з Ульянаю выправіліся на вуліцу па ваду, бо ў кране яна знікла. А вяртацца дзяўчатам ужо не было куды. У гэты дзень Каралеўскія ваенна-паветраныя сілы Вялікай Брытаніі пачалі двухдзённае бамбаванне Кёльну. У авіяналёце бралі ўдзел 3 тысячы самалётаў. Саюзнікі знішчылі 3300 будынкаў, разбамбілі 13 тысяч кватэраў, загінулі 486 асобы, з іх – 411 мірных грамадзянаў. 5027 асобаў паранілі. Ульяна Рыгораўна ўсё гэта бачыла.

«Як пачалі бамбіць, немкі за рукі зацягнулі нас у падвал, «кіндэр, кіндэр» кажуць. Страшна яны нас бамбавалі. Вуліцы ўсе раскіданыя, дамы разбамбаваныя, цэглаю, каменнем усё заваленае. Людзі навокал забітыя, гараць, параненыя, такое страшнае было», – Ульяна Рыгораўна малюе жудасныя моманты вайны.

Пасля бамбёжкі дзяўчаты пайшлі да ракі. Босыя, бо басаножкі згубіліся, уздоўж берагавой сцяны дабраліся да лагеру, дзе жылі расейцы. Ульяну і Ліду пагналі разам з астатнімі на працу. Некалькі дзён яны хадзілі на драцяную фабрыку шыхтам, пад наглядам паліцая. Аднойчы Ульяна, улучыўшы момант, уцякла і накіравалася ў бункер да адміністрацыі гораду.

«Я месца ведала, бо мяне там прыпісвалі. Расказала, што гаспадароў разам з афіцыянтам і Марыйкаю прываліла. Немцы пайшлі іх даставаць. Там былі не трупы, а «достачкі»: так спрасавала іх. Але мы пазналі, бо ў Кеты паліто ў клетачку было, а на Марыйцы цёмна-сіняе з хлясцікам. Мяне паклікалі: «Бярыце што-небудзь». У яе там золата было, грошы. Немцы тое самі пабралі. А мне анучы засталіся. А на які чорт яно мне – усё адно пасля пакрадуць. Багата злодзеяў было», – узгадвае жанчына.

Амуравы стрэлы

Падчас кароткай працы на драцяной фабрыцы Ульяна пазнаёмілася з беларусам Міколам. Калі скончыцца вайна, яны ажэняцца. А пакуль ён проста дапамагае дзяўчыне. Яны з сяброўкаю на фабрыку паступілі, што называецца, голыя і босыя.

«Нашыя нам вельмі дапамагалі, вельмі: і адзеннем, і абуткам, і грашыма. І мой Захаранка мне таксама грошы даваў, але я не брала, баялася, што падкупляе. У яго гэтых марак было навалам. Ён вельмі добра ўмеў гуляць у ачко. Як пойдзе – абавязкова пераможа. Але траціць грошы не было дзе, нічога не купіш, толькі паштоўкі. Немцы нашым толькі па знаёмстве прадавалі сапраўды неабходныя рэчы», – жанчына патанае ва ўспамінах.

Стасункі паміж маладымі завязаліся не адразу. Да 45-га яны сябравалі, ліставаліся. Ульяна працавала ўжо ў іншай рэстарацыі, якая была вельмі збяднелая: гатавалі толькі бульбу ды юшку.

«Якая там любоў была?! Вайна! Фронт ішоў. Як хто на вуліцу выйдзе, так ляцяць ужо снарады і забіваюць людзей. Немцы з таго берагу ракі, а саюзнікі – з гэтага. Так і сядзелі ў падвале, галодныя і без вады», – апавядае Ульяна Рыгораўна.

Вызваленне

Апошнія дні перад вызваленнем дзяўчына правяла з расейцамі ў нямецкім доме. Гаспадар-немец быў Міколаў знаёмы. Ён усіх і схаваў, пакуль амерыканцы не прыйшлі. Остэрбайтэраў змясцілі ў лагер, дзе людзі чакалі адпраўкі на радзіму амаль паўгода. Гераіня на ўмовы не скардзіцца: і кармілі, і апраналі, працаваць не прымушалі.

«Мы бачылі, як машыны ішлі, як людзей забітых везлі, усё мы бачылі. Палонных нашых шмат было… Так што гора было досыць. Перажылі страшнае. Мой бацька быў на фронце. Першую Сусветную таксама прайшоў. Казаў, што на той вайне штыкамі калоліся, але такога страху, як на гэтай, не было», – падвынікоўвае Ульяна Рыгораўна.

Пасля вайны Міколу Захаранку забралі ў войска служыць. Маладыя сувязь не гублялі: перапісваліся, Мікалай прыязджаў да Ульяны на пабыўку.

«А калі з войска вярнуўся, то ажаніліся, і мяне ў Беларусь забраў. А тут такая бяднота была, адны клапы ды блохі. Ён быў у мяне харошы. Ніколі мату не гнуў, ніколі не сварыўся. Высокі, прыгожы, я нізенькая. І сваякі дзівіліся, як жа мы цалаваліся. А мы адказвалі, што ў лесе на пянёчках. Так мы на адным пні пастаім, потым на іншым. І мы смяяліся ўголас, бо гэта жарты», – апавядае жанчына.

Мірнае жыццё

Сям’я Захаранкаў пасялілася ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласці. У іх нарадзілася двое сыноў – Юры і Валодзя. Усё жыццё бацькі сумленна працавалі: маці ў шпітальнай сталоўцы на раздачы, бацька – кіроўцам хуткай дапамогі. Цяпер Ульяне Рыгораўне 89 гадоў. Яна жыве адна ў хаце. Нявесткі ды ўнукі жывуць у эміграцыі. Даглядае бабку Улю сваячка Люба з мужам, якія з Каўказу пераехалі ў Васілевічы.

Фота 10. Валодзя і Юра з сябрам ў юнацтве (злева і справа). Фота Т. Бублікавай.

Таццяна Бублікава, belsat.eu

Стужка навінаў