«Праклятыя і забытыя». Фільм пра беларусаў, якіх сцерлі з памяці


Скончыліся здымкі новага фільму «Белсату» «Праклятыя і забытыя». Гэтая стужка – аб беларусах, якія марылі пра нацыянальнае адраджэнне краіны, пра яе дабрабыт і самавызначэнне. Паміж нацысцкаю Нямеччынаю і Савецкім Саюзам яны выбіралі, паводле свайго разумення, меншае зло.

22 чэрвеня 1941 года распачалася адна з найбольш крывавых войнаў чалавецтва паміж двума таталітарнымі рэжымамі – Савецкім Саюзам і нацысцкаю Нямеччынаю. Беларусы, якія не прынялі савецкай улады, звязвалі свае надзеі з новаю нямецкаю ўладаю, што апанавала беларускія абшары, што магла і давала ім новыя шансы на адраджэнне не толькі нацыянальнае, але і гаспадарчае. Аднак, як вядома, Трэці Райх пацярпеў паразу на Усходнім фронце і частка актыўных беларусаў з пачатку разумела, што шанец невялікі.

Паводле аднаго з герояў фільму, мастака Алеся Пушкіна, тая вайна і дагэтуль працягваецца ў нашым грамадстве – гэта праяўляецца ў безлічы прапагандысцкіх фільмаў, далёкіх ад аб’ектыўнасці, у «Лініях Сталіна» і культываванні ўсяго савецкага як адназначна добрага, бездакорнага.

У сучаснай Беларусі няма месца для беларусаў, якія сталі на супрацьлеглым баку ад СССР. Алесь Пушкін здымаецца ў фільме як мастак, які напісаў партрэты, між іншага, дзеячаў БНП (ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі – заснавальнік партыі, Усевалад Родзька – старшыня партыі БНП, Міхась Вітушка – чалец БНП), а таксама сын «паліцая». Да сёння яны лічацца на радзіме здраднікамі ды злачынцамі.



Фільм «Праклятыя і забытыя» прысвечаны дзеячам малавядомай Беларускай Незалежніцкай Партыі, што прайшлі рыхтаванне ў нямецкай дыверсійнай школе ля мястэчка Дальвіц. На гэтую тэму ў Беларусі дагэтуль накладзены грыф сакрэтнасці, большасць матэрыялаў – у закрытых архівах КДБ. Але цягам года ў нас атрымалася знайсці шэраг дакументаў у суседніх краінах, а таксама паразмаўляць са сведкамі тых падзеяў.

У фільме – запісы і размовы са сведкамі, рэканструкцыя падзеяў, раскрываецца тэма, якую амаль не даследуюць гісторыкі. Прэм’ера стужкі – увосень на тэлеканале «Белсат».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў