Медцэнтры праверылі. А шпіталі?


Пасля розгаласу вакол смерці пацыенткі “Экамедсэрвісу” ўсе прыватныя медычныя цэнтры зазналі міністэрскія праверкі. Следам у медыях з’явіліся сведчанні пра гібель ці цяжкі стан пацыентаў дзяржаўных медычных установаў. Ці дзяржаўныя шпіталі чакаюць такія ж прыдзірлівыя інспекцыі? А галоўнае, ці паўплываюць яны на гаротны стан айчыннай медыцыны?

Праверка з заплюшчанымі вачыма

Міністр аховы здароўя паведаміў, што ў выніку праверкі 260-ці прыватных медцэнтраў 12 з іх пазбавілі ліцэнзіі за грубыя парушэнні, такія, як выкарыстанне састарэлага абсталявання, адсутнасць набораў для экстраннай дапамогі. “Гэтыя парушэнні маглі негатыўна адбіцца на здароўі ды жыцці пацыентаў”, − адзначыў Васіль Жарко. Міністр дадаў, што ў некаторых установах дзяржаўным камісіям адмаўлялі ў правядзенні праверкі.

Хвалю абурэння і дыскусіяў адносна якасці паслуг платных медычных цэнтраў выклікала вусцішная навіна пра смерць маладой дзяўчыны Юліі Кубаравай, якой мусілі зрабіць нескладаную пластычную аперацыю ў “Экамедсэрвісе”. Паводле інфармацыі naviny.by, следчыя высветлілі, што падчас аперацыі апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх каля 40 хвілінаў працаваў у пазаштатным рэжыме, даваў збоі. Прадстаўнік Міністэрства здароўя Іван Рыжко паведаміў, што гэты апарат прадпрыемства набыло ў 2006 годзе.

Віцебскі медык Ігар Пастноў сцвярджае, што ў дзяржаўных медыцынскіх установах абсталяванне значна старэйшае, а медычная сфера не ёсць прыярытэтам для выдаткоўвання бюджэтных сродкаў: “Я абураны з таго, што дзяржаўныя ўстановы не правяраюць гэтак жа строга, як прыватныя цэнтры. Тады шмат якія шпіталі давядзецца проста зачыніць. Напрыклад, у віцебскім анкалагічным шпіталі дагэтуль карыстаюцца абсталяваннем 70-х гадоў. І праверкі заплюшчваюць на гэта вочы! Адкуль узяцца сродкам на новыя апараты, калі хірургічнае аддзяленне рамантуюць каторы год? Пацыенты пасля аперацыяў ляжаць у калідорах, на 80 асобаў – дзве прыбіральні: ці гэта не парушэнне санітарных нормаў? Дзіцячы інфекцыйны шпіталь наогул нагадвае каземат, бацькі падпісваюць адмову ад шпіталізацыі дзяцей, толькі б дзіця там не апынулася… Адначасова старшыня абласнога выканкаму Касінец будуе сабе дом у цэнтры Віцебску”.

Кома праз неасцярожнасць

Неўзабаве набыткам грамадскасці стаў выпадак 32-гадовай Вольгі Сукоры, якая ўжо 8 месяцаў ляжыць у коме пасля пластычнай аперацыі. Толькі гэтым разам бяда здарылася ў дзяржаўнай установе, Менскім абласным дзіцячым клінічным шпіталі. Вольга хацела паправіць прыкус перад запланаваным вяселлем. Як прызнаюць дактары, аперацыя прайшла паспяхова. Аднак з невядомай прычыны ў пацыенткі ўтварыўся ацёк лёгкіх, і яе ўвялі ў стан штучнай комы. Сваякі сцвярджаюць, што дактары не паведамлялі пра ўскладненні, пакуль у шпіталь не прыехаў хлопец Вольгі.

Падчас ток-шоу “Адкрыты фармат” на тэлеканале ОНТ Любоў Сукора, маці пацярпелай, распавяла пра размову з прафесарам Недзведзем з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі: “Ён сказаў: “Кепскія вашыя справы, жанчына”, − і пайшоў. Я за ім, стала перад ім на калені і кажу: “Вазьміце (у РНПЦ. – belsat.eu)! У вас жа там апаратура, па тэлевізары паказваюць. “Ёй гэта не трэба”, − і перакрочыў цераз мяне”.

Пасля праграмы на ОНТ Вольгу Сукору пакінулі ў шпіталі, хоць перад тым збіраліся выпісваць дадому. На цяперашні момант зменаў у ейным стане няма. Следчы камітэт ладзіць праверку.

Нябачныя прыроджаныя заганы

Шырокі розгалас выклікала смерць 2-месячнага Святаслава Когута. Ягоныя бацькі перакананыя, што дзіця загінула праз віну дактароў Віцебскага абласнога дзіцячага клінічнага шпіталю, якія паставілі няправільны дыягназ. Падчас цяжарнасці ды па нараджэнні дзіцяці ніякіх паталогіяў не выявілі. Паводле Надзеі Когут, маці, больш за тыдзень дактары ігнаравалі сур’ёзныя сімптомы (бесперапынныя ваніты жоўцю), а затым рэзка прызначылі аперацыю дзеля поўнага выдалення тонкага кішачніку і часткі тоўстай кішкі. Незадоўга перад смерцю хлопчыка дактары канстатавалі цэлы шэраг прыроджаных заганаў.

Ігар Пасноў, педыятр з 20-гадовым стажам, мяркуе, што выпадак са Святаславам варта адносіць да ўпушчэння на ўзроўні халатнасці: “Праз перагружанасць дактары не маюць часу на якаснае абслугоўванне хворых. Працуюць на дзве стаўкі, каб хоць неяк павысіць свой мізэрны заробак, з-за гэтага паніжаецца ўвага і сканцэнтраванасць. Адсутнасць перыстальтыкі кішачніку можна выявіць умомант пры дапамозе звычайнага фанендаскопа. А кіраўніцтва шпіталю хваліцца набыццём навейшага тамографа… Я лічу, гэта проста блюзнерства”.

7 чэрвеня Следчы камітэт па Віцебскай вобласці прыняў рашэнне ўзбудзіць крымінальную справу паводле артыкулу “неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медычным працаўніком”. Падазраваных пакуль няма, усе датычныя да справы дактары праходзяць у якасці сведак.

НЯ, belsat.eu

Стужка навінаў