Што думаюць замежнікі пра брэнд Менску?


У Менску распачаў працу Першы міжнародныя фестываль тэрытарыяльнага брэндынгу і маркетынгу «Оўпэн». Дзясяткі намінацыяў, круглыя сталы і прэзентацыі… Але асноўная інтрыга – выбар найбольш адпаведнага канцэпту для беларускай сталіцы.



ЖАННА ГРЫНЮК, СТАРШЫНЯ ФЕСТЫВАЛЮ, SATIO:

«Гэта – не нейкі таварны падыход, а хутчэй – ментальны. Брэнд дапамагае гараджанам развіць сваю ідэнтычнасць. Зразумець сябе, зразумець, чым мы цікавыя свету».

{movie}Замежнікі пра брэнд Менску|right|11284{/movie}

Інакш кажучы, як Менск будзе пазначацца на білбордах ды іншай маркетынгавай прадукцыі, гэткімі мы сябе і будзем бачыць, як у люстэрку. Толькі адлюстроўваць варта найбольш прывабныя нашыя рысы, каб свет вонкавы, а перадусім турысты ды інвестары, хацелі ехаць да нас у госці. Для вядомага балгарскага брэндмэйкера Хрысто Кафтанджыева асноўныя моцныя пункты Менску – гэта чысціня, сучаснасць і… яшчэ раз чысціня.

ХРЫСТО КАФТАНДЖЫЕЎ, СЯБРА ЖУРЫ, БАЛГАРЫЯ:

«Чаго нельга сказаць пра Софію. Чысціня – гэта там, дзе рай. Так што можаце гэтым ганарыцца. Гэта не жарт».

Пры гэтым, напрыклад, расейскага распрацоўніка Міхаіла Губергрыца найбольш уражвае беларуская прырода. Агулам у складзе журы брэндынгавыя важкавікі з дзесятку краінаў, перадусім – з Заходняй Еўропы.

МІХАІЛ ГУБЕРГРЫЦ, СЯБРА ЖУРЫ, РАСЕЯ:

«Трэба шукаць кожнаму сваю ідэю. Яе трэба шукаць, яна ёсць, гэта пэўна».

Іншая рэч, што кожны выканаўца бачыць у Менску сваю ідэю. Вакол брэнду беларускай сталіцы ідуць дыскусіі ўжо другі год. Менскія ўлады заплацілі лонданскаму агенцтву за распрацоўванне вось гэтага таварнага знаку $ 30 тыс. Такое рашэнне сутыкнулася з крытыкаю з боку мясцовых дызайнераў. У выніку ўлады адступіліся і правялі некалькі круглых сталоў з экспертамі. Тыя ж абвесцілі адкрыты конкурс для ўсіх ахвотных.

ЖАННА ГРЫНЮК, СТАРШЫНЯ ФЕСТЫВАЛЮ, SATIO:

«А менчукі паказалі: ну і што, што мы не прафесійныя дызайнеры, і мы гэтак добра не ўмеем маляваць вашыя сінія палоскі? Затое мы з душою намалявалі тое, як адчуваем наш горад. І толькі тады наш горад палюбяць. Не патрэбныя вашыя чужынскія этыкеткі».

Што патрэбна нам і будзе адпавядаць міжнародным стандартам, даведаемся ўжо заўтра, калі журы абвесціць свой вердыкт. Тым больш цікава, што працы ад праўладных структураў таксама бяруць удзел у конкурсе.

Алесь Залеўскі, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў