Пасля выбараў – дэвальвацыя?


Курс беларускага рубля падтрымліваецца коштам золата-валютных рэзерваў, пры гэтым беларуская эканоміка адчувае дэфіцыт валюты. На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, у такіх абставінах можа адбыцца дэвальвацыя беларускага рубля.

“Беларускі рубель трэба дэвальваваць, каб быў баланс на рынку паміж прапановаю ды попытам на валюту, – адзначыў Леанід Злотнікаў. – Аднак улады гэтага не робяць, бо наперадзе выбары, але пасля выбараў гэта давядзецца зрабіць”. Паводле эканаміста, найбольш адчуваюць нястачу валюты прадпрыемствы і прадпрымальнікі. У сярэднім на месяц дэфіцыт валюты складае каля $ 500 млн.

Леанід Злотнікаў мяркуе, што бліжэйшым часам сітуацыя можа развівацца двума шляхамі. “Або будзе дэфіцыт і ўвядзенне розных курсаў валютаў для розных пакупнікоў і адміністратыўныя абмежаванні, або будзе вольны рыначны курс і тады – дэвальвацыя”, – дадаў эканаміст.

Эксперт папярэджвае, што калі дзяржава не зменіць эканамічнай палітыкі, то беларусам неўзабаве давядзецца “зацягнуць паясы”. “Пазычаць нам больш, чым мы атрымалі летась, ніхто не будзе, – упэўнены Леанід Злотнікаў. – Калі нам і даюць пазыкі, то на вельмі суровых умовах. Я прывяду адзін прыклад: Грэцыі, краіне, дзе амаль адбыўся дэфолт, даюць крэдыты пад 5 % гадавых, а мы ўзялі цяпер на сусветным рынку пад 8,5– 8,7 %. Пад такі адсотак мы на пазыках доўга не пражывем”.

belsat.eu
https://youtu.be/uXcFobsJSf4

Глядзі таксама
Каментары