Менск ператворыцца ў спеўнае поле


У сталіцы поўнаю хадою ідзе рыхтаванне да «Спеўнага поля». Агляд падзеяў культуры.

Літаратурны музей Янкі Купалы разам з фальклорным калектывам «GUDA» ды Студэнцкім этнаграфічным таварыствам задумалі правесці незвычайную музычную імпрэзу на Купалле паводле старога стылю – 24 чэрвеня. Другая рэпетыцыя спеўнага свята адбылася ўчора на ганку Опернага тэатру.

{movie}Агляд падзеяў культуры (19.06.2013)|right|11248{/movie}

«Прыходзяць вельмі розныя людзі, розных узростаў. Я мяркую, што людзі хацелі б атрымаць тую незвычайную эмоцыю, уласцівую купальскай песні. Эмоцыя гэтае ідзе да нас са стагоддзяў і моцна лучыць людзей», – тлумачыць спявачка Вікторыя Махно, удзельніца гурта «GUDA».

«Калі людзі прыходзяць, яны адчуваюць менавіта смак гэтага свята. Бо ты спяваеш песні і адчуваеш сябе так, быццам ты не тут цяпер, а ў мінулым», – кажа яшчэ адна ўдзельніца гурта, Дар’я Зуева.

Тыя, хто пажадаў заспяваць абрадавыя купальскія песні, пакуль вучаць іх з аркуша, аднак 24 чэрвеня каля Купалаўскага музею песня мае арганічна ўплесціся ў прыроду і традыцыю святкавання.

Іншыя тэмы: У Магілёве мастакі з краінаў СНД завяршаюць працу над гранітнымі скульптурамі, якія прэзентуюць 3 ліпеня на ўрачыстым закрыцці пленэру «Каменная казка». Чацвёрты фестываль беларускамоўнай рэкламы «AD.NAK!» абвесціў першы шорт-ліст. Выпускнік Акадэміі Мастацтваў Зміцер Краўчанка стварыў 16 стылёвых сімвалаў беларускіх гарадоў.

Адэля Дубавец, belsat.eu

Стужка навінаў