Пытанне наконт Раманчука адклалі, а Дзмітрыева знялі з пасады (Дапоўнена)


Нацыянальны камітэт АГП прыняў рашэнне зняць з пасады кіраўніка камісіі па міжнародных пытаннях Андрэя Дзмітрыева. Ці застанецца ў партыі Яраслаў Раманчук, вырашаць пазней.

На пашыраным паседжанні Нацыянальнага камітэту Аб’яднанай грамадзянскай партыі абмяркоўваліся вынікі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, становішча ўнутры партыі ды яе задачы на найбліжэйшы перыяд. Падчас паседжання сябры партыі паставілі пытанне пра далейшае сяброўства ў АГП экс-кандыдата на прэзідэнцтва Яраслава Раманчука.

З крытыкаю паводзінаў Раманчука выступілі Станіслаў Багданкевіч, Леў Марголін ды іншыя кіраўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Бальшынёю галасоў удзельнікі паседжання прынялі рашэнне выказаць Раманчуку вотум недаверу. “Гэта азначае, што Яраслаў не мае больш маральнага права рабіць заявы ад імя партыі”, – тлумачыць адзін з кіраўнікоў АГП Леў Марголін.

Канчатковае рашэнне наконт сяброўства Яраслава Раманчука ў партыі можа прыняць толькі з’езд. Але, паводле Льва Марголіна, у існай сітуацыі цяжка прагназаваць, калі ён адбудзецца.

Таксама ўдзельнікі паседжання Нацыянальнага камітэту падтрымалі прапанову Станіслава Багданкевіча зняць Андрэя Дзмітрыева з пасады кіраўніка камісіі па міжнародных пытаннях.

Дзмітрыеў падчас прэзідэнцкай кампаніі быў кіраўніком выбарчага штабу Уладзіміра Някляева. Цяпер актывіст праходзіць у якасці абвінавачанага па крымінальнай справе аб масавых закалотах 19 снежня.

Як паведаміў “Белсату” Леў Марголін, Андрэй Дзмітрыеў – адзін з каардынатараў кампаніі “Гавары праўду!”, у якой збіраецца актыўна працаваць і далей. “Тут магчымы канфлікт інтарэсаў партыі ды кампаніі. Да таго ж немагчыма займаць кіроўную пасаду ў партыі, калі ты працуеш на іншую структуру. Але ў АГП Дзмітрыеў застаецца”, – запэўніў Леў Марголін.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары