Містыфікацыі русіфікацыі: у Гомлі журавіны сталі жураўлямі


Перайменаванне шэрагу вуліцаў у Гомлі не толькі незаконнае, але і непісьменнае.

Пагоня за мілагучнасцю? Не, русіфікацыя!

Перайменаванне закранула каля 70 гомельскіх вуліцаў. Частка зменаў – фармальная і датычаць «статусу», калі праезд становіцца вуліцай, а вуліца – праспектам. Аднак некаторыя новыя назвы інакш як русіфікацыяй патлумачыць нельга.

Паводле рашэння гомельскага савету дэпутатаў вуліца Паўднёвая цяпер мае назву Булгакаўская, Кастрычніцкі праезд стаў вуліцай Іверскаю. Усяго – каля дзясятка прыкладаў.

Рацыянальнасць перайменаванняў спрабуе патлумачыць друкаваны орган савету дэпутатаў – газета «Гомельские ведомости». «Улічвалася таксама і тое, што назва вуліцы мае падавацца на двух дзяржаўных мовах. І калі раней патрабаваўся наўпроставы пераклад (вуліца «Октябрьская» гучала па-беларуску як «Кастрычніцкая»), то апошнія гады патрабуецца не даслоўны пераклад, а зроблены метадам транслітарацыі (Кастрычніцкая – Костричницкая). Каб пазбегнуць падобнай немілагучнасці, выбіраліся назвы, што «гучаць» на абодвух мовах», – піша выданне.

У сваім памкненні да мілагучнасці дэпутаты гомельскага гарсавету дайшлі да абсурднай русіфікацыі. Вуліцу Журавінную яны пераназвалі ў… Жураўліную (Журавинная – Журавлиная), Прамяністая стала… Лучыстаю (Праменистая – Лучистая), Сядзібная – Шчодраю (Сядибная – Щедрая), а вуліца Паўднёвая стала Булгакаўскай.

Вуліцы Заходняя і другая Заходняя перайменавалі ў «мілагучныя» «первая Встречная» ды «вторая Встречная». Як гэтыя новыя назвы будуць гучаць па-беларуску, загадка.

Грамадскасць прамаўчыць?

Грамадскі дзеяч, мовазнаўца Вінцук Вячорка гаворыць, што гэткія пераназыванні – незаконныя, і рашэнне гарсавету мусіць быць скасаванае.

Гэтак, згодна з законам «Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў», у Беларусі назвы геаграфічным аб’ектам даюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на расейскую мову. Вячорка нагадаў, што транслітарацыя – гэта не пераклад з адной мовы на іншую, а дакладнае перадаванне знакамі іншага пісьменства, літара ў літару. І пры беларуска-расейскай транслітарацыі мусіць захавацца моўная спецыфіка.

Вінцук Вячорка заклікаў НДА гораду выступіць з пратэстам. «Трэба прытармазіць прыняцце антыбеларускіх рашэнняў, дэлегаваць людзей у тапанімічную камісію і мець напагатове сваю канцэпцыю перайменавання вуліцаў», – адзначыў грамадскі дзеяч.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў