Польскі эканамічны часопіс «Home&Market» вызначыў кіраўнікоў года. Адною з лаўрэтаў стала дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы. Гэтая ўзнагарода ўручаецца цягам 20 гадоў асобам, якія спрычыніліся не толькі да развіцця сваёй фірмы, але і да развіцця эканомікі.
Лічыцца смеласць
Як падкрэслівае Катажына Мазур (Katarzyna Mazur), галоўная рэдактарка часопісу, што ўручае прэмію, кіраўніцу «Белсату» ўзнагародзілі за смеласць – ідэю і збудаванне паспяховага тэлеканалу з самага падмурку, які распазнавальны ў Польшчы і за мяжою. «Узнагароджваюць асобаў, якія не кіруюцца «штампамі», не ідуць тыповымі дарогамі і ставяць высокія мэты», – дадала кіраўніца выдання.
Самая лаўрэатка мяркуе, што гэтая ўзнагарода – прызнанне для ініцыятывы: «Я апынулася сярод лаўрэатаў – менеджараў вялікіх фірмаў і лічу, што ўзнагарода, якую я атрымала, – гэта прызнанне таксама некамерцыйных ініцыятываў».
Быць лідарам
Паводле спадарыні Рамашэўскай-Гузы, сакрэт добрага кіравання – перакананне, што праца ў фірме – гэта заўсёды праца ў камандзе: «Не бывае выбітных менеджараў без выбітных камандаў. Добры менеджар мусіць быць перадусім лідарам, які выпрацоўвае бачанне і бярэ адказнасць за кіраванне сваёй фірмаю ці ініцыятываю».
«Home&Market» – найстарэйшы эканамічны часопіс для менеджараў найвышэйшага звяна.
JB/МЛ, belsat.eu