Берасце: нікога не пакараюць, але дарогу адрамантуюць (дакумент)


У Берасці знайшлася дарога, якая злучае вуліцы Ракасоўскага і Жукава ды цягам 40 гадоў не была на балансе ні ў якіх службаў. Аднак дзякуючы намаганням актывістаў кампаніі “Гавары праўду” дарогу ўрэшце адрамантуюць.

“У лісце з гарвыканкаму нам паведамілі, што асфальтабетоннае пакрыццё на гэтай дарозе паклалі 40 гадоў таму. А гарвыканкам паставіў яе на ўлік толькі ў 2011 годзе як безгаспадарную! Гэта значыць, што 40 гадоў не было адказнага за яе рамонт, і цяпер няма каго пакараць за такі стан дарогі”, – кажа актывіст “Гавары праўду” Ігар Маслоўскі.

Тым не меней, з адказу гарвыканкаму стала вядома, што дарогу ўсё ж адрамантуюць, пакладуць новы асфальт. Ігар Маслоўскі кажа, што станоўчыя адказы мясцовых уладаў паказалі паспяховасць кампаніі “Тысяча і адна яма”, жыхары дабіліся чаканых вынікаў. “Але здзіўляе тое, што ўлады называюць мікрараён Паўднёвы, дзе месцяцца гэтыя дарогі, самым камфортавым для жыцця. Нядаўна пра гэта ў інтэрв’ю заявіў кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасця Аляксандр Рагачук. Але які ж тут камфорт, калі няма ні дзіцячага садка, ні басейну, ні лазні грамадскай, а толькі такія вось дарогі?” – кажа Ігар Маслоўскі.

Раней актывісты ў межах кампаніі “Тысяча і адна яма” сабралі каля 1100 подпісаў за рамонт вуліцы Ракасоўскага і дарогі, што злучае яе з вуліцаю Жукава. Акрамя таго, падпісанты звароту прасілі пакараць вінаватых за яе занядбанасць. Улады паведамілі, што дарогу адрамантуюць. Дзяржаўтаінспекцыя склала пратакол на адказнага за вуліцу Ракасоўскага чыноўніка камунальнай арганізацыі, якому цяпер пагражае штраф ад 4 да 20 базавых велічыняў.

Грамадскі дзеяч паведаміў, што актывісты “Гавары праўду” будуць працягваць кампанію “Тысяча і адна яма” і ажыццяўляць маніторынг за станам дарог у Берасці.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў