«Bulbamovie» склікае сяброў: «Мы чакаем фільмаў ад маладых кіношнікаў»


Падчас сёлетняга фестывалю беларускага кіно ў Варшаве «Bulbamovie-2013» ужо другі раз пройдзе кінаконкурс. Летась галоўную ўзнагароду – «Залатую Бульбу» – не атрымаў ніводны з фільмаў. А як будзе цяпер?

Сёлета «Bulbamovie-2013» адбудзецца ў Варшаве ўжо 3 раз. Прычым ужо двойчы арганізатары ладзяць для маладых беларускіх кіношнікаў конкурсную праграму. «Калі мы летась абвесцілі пра конкурс, то крыху пабойваліся, ці нехта ўвогуле зацікавіцца і запрапануе свае фільмы», – распавёў дырэктар фестывалю Януш Гаўрылюк. Але ўсе засцярогі арганізатараў не пацвердзіліся, бо на конкурс летась прыслалі ажно 60 фільмаў, з якіх толькі 19 судзіла журы.

Добрыя фільмы, але чагосьці не хапала

«Летась нас уразіла, што большасць дасланых фільмаў была на добрым тэхнічным узроўні, аднак, трэба адзначыць, шмат якім з іх бракавала глыбіні. Тэхнічна яны глядзеліся добра, але не чаплялі. Было шмат спрэчак, але галоўную ўзнагароду – «Залатую Бульбу» – гэтак і не прызначылі нікому. Іншыя ж узнагароды сабралі менавіта дакументальныя фільмы», – дадаў спадар Гаўрылюк.

Арганізатары ўжо пачалі атрымліваць першыя «званочкі» на сёлетні кінаконкурс. Заявіць пра свой удзел можна да 1 верасня.

«Мы чакаем фільмаў ад маладых кіношнікаў, але спадзяемся, што тэмы сваёй прадукцыі яны не будуць шукаць далёка, а пакажуць нешта цікавае, што побач, праз што можна будзе лепш пазнаёміцца і зразумець Беларусь. Хочацца, каб гэтыя фільмы былі не касмапалітычныя, а мелі рэгіянальную, уласна беларускую скіраванасць», – зазначыў дырэктар фестывалю.

Усе фільмы, як мастацкія, гэтак і дакументальныя, прапанаваныя на конкурс «Bulbamovie-2013», ацэняць у адной катэгорыі, бо імпрэза яшчэ маладая і арганізатарам цяжка прадбачыць, якія фільмы прыйдуць. Паводле спадара Гаўрылюка, дакументальныя стужкі летась на фестывалі былі цікавейшыя і разнастайнейшыя за мастацкія: «Калі мы знойдзем спонсара, то зладзім адмысловую ўзнагароду аднаму з дакументальных фільмаў. Магчыма, нейкая фірма захоча прысудзіць ад сябе прыз найлепшай дакументальнай прадукцыі».

{movie}Архіўны матэрыял “Аб’ектыву” пра «Bulbamovie-2012» |right|11012{/movie}

На фестывалі можна будзе падвучыцца



Паводле дырэктара конкурсу, упершыню ў межах фестывалю для маладых беларускіх кінатворцаў зладзяць адмысловыя рэжысёрскія майстар-класы, на якіх можна будзе ўдасканаліць уласнае майстэрства і бліжэй пазнаёміцца адно з адным. Летась тыя людзі, стужкі якіх прымалі ўдзел у конкурсе, упершыню спаткаліся ў Варшаве. Цяпер жа, адзначыў дырэктар «Bulbamovie», яны даволі часта кантактуюць міжсобку, што відаць, у прыватнасці, у сацыяльных сетках.

«Bulbamovie» – гэта таксама магчымасць абменьвацца сваймі поглядамі і дыскутаваць. Летась, да прыкладу, у конкурсе бралі ўдзел як незалежныя творцы, гэтак і прадстаўнікі дзяржаўных структураў. Мы кажам, што мы адкрытыя для ўсіх, незалежна ад палітычных перакананняў», – падвынікаваў спадар Гаўрылюк. Ува ўсім трэба даваць голас маладым, перакананы арганізатар фестывалю, таму ў журы фестывалю сёлета запрасілі 2 маладых кінакрытыкаў з Польшчы і Беларусі, якія, як мяркуюць, прынясуць на кінафэст свежае бачанне ды арыгінальныя падыходы.

«Bulbamovie-2013» адбудзецца ў Варшаве 19–20 кастрычніка ў кінатэатры «Luna». Большасць гледачоў фестывальных фільмаў – палякі, аднак, арганізатары спадзяюцца, што ім удасца прыцягнуць да імпрэзы большую ўвагу беларусаў, якія працуюць ці вучацца ў польскай сталіцы.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў