У дзень дзіцяці «Белсат» раздаваў малечы падарункі


Незалежны тэлеканал правёў у Менску дабрачынную акцыю, у межах якой дзеткі атрымалі слодыч і кружэлкі са спазнаваўчаю праграмаю «Прыгоды і паходы» па-беларуску.



Яшчэ напярэдадні «Белсат» выслаў беларускамоўныя кнігі, кружэлкі з «Прыгодамі і паходамі» ды ласункі дзецям-сіротам прыблізна ў дзясятак беларускіх дзіцячых дамоў і сацыяльных прытулкаў. Падарункі ад незалежнага тэлеканалу атрымалі таксама дзіцячыя садкі, у якіх ёсць беларускамоўныя групы. «Белсат» плануе праз некаторы час разаслаць другую партыю падарункаў для самых маленькіх беларусаў ды дзяцей-сіротаў.

Сёння ж прадстаўнікі «Белсату» наведалі шматдзетныя сем’і, якія таксама атрымалі ад нас нешта «для душы і цела»: кружэлкі са спазнаваўчымі праграмамі, кнігі ды прысмакі для малых пестуноў.

Сустрэліся супрацоўнікі тэлеканалу ў самым цэнтры Менску з бацькамі, якія намагаюцца выхоўваць сваіх дзетак па-беларуску і гуртуюцца вакол сайту dzietki.org. Яны таксама атрымалі ад “Белсату” падарункі, як і мінакі, што шпацыравалі сем’ямі па сталіцы. У выніку – было раздадзена 200 кружэлак з “Прыгодамі і паходамі”. Аднак, у блізкай будучыні тэлеканал збіраецца замовіць дадатковыя дыскі ды зноў раздаць сем’ям.

«Мы імкнемся прасоўваць беларускамоўнае выхаванне і хочам звярнуць увагу на дзіцячыя праграмы «Белсату», якія могуць дапамагчы ў гэтай справе. Мы хочам падтрымаць тых бацькоў, якія ўсімі сіламі намагаюцца выхоўваць дзяцей унутры беларускай культуры, на роднай мове», – пракаментавалі ў прамацыйнай групе «Белсату».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў