Прэзідэнцкі авіяклас


Літоўскую чыноўніцу пазбавілі пасады міністра за неапраўдана дарагі палёт у камандзіроўку замоўленым самалётам. Суворае спагнанне выглядае справядлівым, калі ўлічыць, што нават кіраўнічка дзяржавы не карыстаецца прыватнымі рэйсамі. Лідар жа Беларусі бачыць набыццё асабістага лайнера чымсьці натуральным.

Пачалося з таго, што міністр гаспадаркі Літвы Біруце Весайце (Birutė Vėsaitė) з дзвюма памочніцамі накіравалася на бізнес-форум у Казахстан, замовіўшы ў кампаніі «Arvi» прыватны самалёт. Палёт такім транспартам каштуе амаль € 800 за асобу, аднак адмыслоўцы грамадзянскай авіяцыі падлічылі, што дарога магла каштаваць у 4 разы болей. Падарожжа з шыкам прыцягнула ўвагу грамадскасці, а ўжо ў сераду прэзідэнт Даля ГрыбаўскАйце падпісала дэкрэт аб вызваленні Весайце з пасады міністра, патлумачыўшы, што сітуацыя магла б нанесці шкоду прэстыжу краіны.

Прэзідэнцкае… авіякрэсла

Сама Грыбаўскайце не мае асобнага авіятранспарту. Накіроўваючыся ў працоўныя вандроўкі, яна падкрэслена карыстаецца з паслугаў бюджэтных авіялініяў. Напрыклад, 17 красавіка прэзідэнт Літвы выпраўлялася на пахаванне Маргарэт Тэтчэр. Кошт квіткоў для прэзідэнцкай дэлегацыі ў Лондан і назад склаў усяго $ 1100, за асобу – $ 230. Гэтак кіраўнічка краіны робіць свой унёсак у эканомію дзяржаўнага бюджэту.

Лукашэнка ашчаджае

А вось кіраўнік Беларусі перакананы: прэзідэнцкі самалёт – прэстыж краіны. На апошняй прэс-канферэнцыі ён заявіў, што «прэзідэнт не мусіць «бэушны» самалёт купляць… Ён мусіць новы самалёт купіць».

Гэткім чынам Лукашэнка апраўдаў набыццё «Boeing-767-300ER» былога прэзідэнта Туркменістану, нябожчыка Сапармурата Ніязава. Гэты лайнер выкананы ў эксклюзіўнай, люксавай аздобе: дарагія пароды дрэва, натуральная скура. Вялікі грамадскі рэзананс выклікаў і інтэр’ер санвузла з каштоўнымі камянямі ды металамі. Пакупка адбылася год таму, калі Беларусь яшчэ не аправілася ад абвалу эканомікі 2011 года. Уладальнік набытку прызнаўся, што, купіўшы самалёт Туркменбашы, ён ашчадзіў. Гэткі самалёт абышоўся «менш чым $ 100 млн. даляраў, а новы – $ 250–300 млн. для кіраўніка дзяржавы. Таму можаце падлічыць, выгодна гэта ці не», − заявіў Лукашэнка. Падлічылі і мы. Каб дасягнуць узроўню ашчаджальнасці літоўскага прэзідэнта – каля $ 1100 за адзін пералёт дэлегацыі – Лукашэнку трэба пралётаць на сваім самалёце блізу 90900 разоў. І гэта не за 50 гадоў. Паводле прэзідэнта, тэрмін эксплуатацыі самалёта лідара краіны складае 3−5 гадоў.

НЯ, belsat.eu

Стужка навінаў