БелТА запусціла польскамоўную версію сайту


Гэта ўжо шостая моўная версія, на якіх будзе працаваць галоўны інфармацыйны рэсурс рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Польскамоўная версія сайту БелТА.
Фота: здымак з сайту

Паводле генеральнай дырэктаркі агенцтва Ірыны Акуловіч, ва ўмовах, калі «актуальная тэма блакуецца заходнімі медыямі», такія крокі дазваляюць павялічыць ахоп аўдыторыі.

Паводле Акуловіч, «польская версія сайту БелТА – гэта магчымасць данесці да нашых суседзяў, звычайных палякаў, тое, што спрабуюць ад іх схаваць уласныя ўлады».

Генеральная дырэктарка БелТА Ірына Акуловіч.
Фота: БелТА

Акуловіч таксама падкрэсліла, што беларусы за мір і не хочуць вайны, не збіраюцца ні на кога нападаць, і дадала: «праца для ўкаранення інфастужкі на польскай мове, так жа, як і бязвізавы рэжым, уведзены беларусамі для палякаў, дапаможа ім [палякам] больш і лепш даведацца пра нашую краіну» ды ініцыятывы, якія прапануюцца Аляксандрам Лукашэнкам.

Польская версія сайту БелТА з’явілася акурат напярэдадні выбараў у польскі парламент, якія адбудуцца 15 кастрычніка. Апошнім часам у дзяржаўных медыях вельмі актыўна мусіруецца «польская тэма», публікуецца маніпуляцыйная інфармацыя або аднабакова асвятляюцца факты польскага палітычнага жыцця. Таксама для ўздзеяння на польскамоўную аўдыторыю з верасня пачало працу «Międzynarodowe radio Białoruś», у якім па-польску падаюцца беларускія і міжнародныя навіны ў прапагандысцкай інтэрпрэтацыі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў