У ЕЗ увядуць новую сістэму кантролю на мяжы. Біяметрычны пашпарт пакуль не абавязковы


Адсутнасць біяметрычнага пашпарта не будзе падставай для аўтаматычнай адмовы на заезд у краіну ЕЗ, нават калі гэтая краіна ўвядзе новую сістэму «Entry/Exit System» (EES). Так пракаментавалі сітуацыю «Известиям» у Еўракамісіі.

Пашпарт грамадзяніна Беларусі.
Фота: Белсат

У Еўракамісіі пацвердзілі, што ў другой палове года могуць запусціць новую сістэму кантролю на мяжы. Дакладнай даты запуску праекту пакуль няма. Раней у СМІ называлі 6 кастрычніка.

Аўтаматызаваная сістэма заезду/выезду («Entry/Exit System», EES) будзе працаваць для падарожнікаў, якія не маюць грамадзянства ЕЗ. Іх будуць рэгістраваць кожны раз, калі яны мінаюць межы еўрапейскіх краінаў, на заездзе ці выездзе. У сістэму аўтаматычна трапяць дадзеныя праезнага дакументу, асабовыя звесткі, а таксама інфармацыя пра мэты, месцы і тэрміны заезду і выезду вандроўніка.

Пры першым заездзе ў ЕЗ трэба здаць біяметрычныя дадзеныя, г. зн. сфатаграфавацца і адсканаваць адбіткі пальцаў. Іх плануюць захоўваць у базе дадзеных цягам трох гадоў, а потым выдаляць. Пры гэтым аўтаматызацыя працэдуры не азначае аўтаматычнага мінання мяжы.

Самая сістэма сапраўды разлічана на біяметрычныя пашпарты. Праходжанне мяжы мяркуе два этапы: на першым правяранне дадзеных будзе праходзіць у сістэме самаабслугоўвання, дзе замежнікі змогуць зарэгістраваць свае дадзеныя пры мінанні мяжы; а на другім этапе ўсё роўна давядзецца атрымаць штамп ад памежніка. Калі чалавеку патрэбная віза для паездкі ў еўрапейскія краіны з выкарыстаннем EES, то ягоныя адбіткі пальцаў ужо былі зарэгістраваныя ў Візавай інфармацыйнай сістэме (VIS) на момант падачы заявы.

Як растлумачылі ў Еўракамісіі, у выпадках, калі падарожнік мае сапраўдны праезны дакумент, што дае яму права на мінанне граніцы, дзейную шэнгенскую візу і адпавядае ўсім іншым умовам, выкладзеным у Шэнгенскім памежным кодэксе, біяметрычны пашпарт не патрабуецца.

Раней у МУС каментавалі чуткі пра тое, што з увядзеннем новай сістэмы падарожнікаў без біяметрычных пашпартоў могуць не пусціць у ЕЗ. У ведамстве запэўнілі, што не атрымлівалі такой інфармацыі.

Hавiны
«Няшмат людзей пакуль з такімі пашпартамі падарожнічаюць». Распавядаем пра біяметрычныя дакументы
2021.11.05 09:58

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў