Кітай аднаўляе выдачу іншаземцам усіх тыпаў візаў


Кітай аднаўляе выдачу ўсіх тыпаў візаў з 15 сакавіка. Пра гэта, паводле агенцтва «Сінь-Хўа», заявіла Міністэрства замежных справаў КНР.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пасажыры ў міжнародным аэрапорце «Пу-Дун» у Шанхаі на ўсходзе Кітаю. 8 студзеня 2023 года.
Фота: russian.news.cn

З 15 сакавіка ўсе Кітайскія візавыя агенцтвы за мяжою пачнуць разглядаць і выдаваць розныя тыпы візаў для ўезду замежнікаў у Кітай.

«Пачынаючы з серады, акрэдытаваныя за межамі Кітаю органы, якія ажыццяўляюць выдачу візаў, адновяць выдачу ўсіх катэгорый візаў замежным грамадзянам», – цытуе «Сінь-Хўа» заяву МЗС КНР.

Рашэнне прынятае «ў мэтах далейшага спрашчэння трансмежных паездак». Апроч таго, з 15 сакавіка аднаўляецца дзеянне візаў, выдадзеных да 28 сакавіка 2020 года, у якіх яшчэ не скончыўся тэрмін дзеяння.

Некаторыя вобласці Кітаю вернуцца да бязвізавага рэжыму, які існаваў да пачатку пандэміі. Гэта востраў Хай-Нань і порт Шанхаю, а для падарожнікаў з Гон-Конгу і Макаў – паўднёвы вытворчы цэнтр правінцыі Гўан-Дун.

Кітай ці не адна з апошніх краінаў, якая адмяняе каронавірусныя абмежаванні ў падарожжах. Жорсткія антыковідныя захады «палітыкі нулявой цярпімасці» ў КНР дзеялі тры гады, аж да пачатку студзеня 2023 года, калі іх пачалі адмяняць, што выклікала рост актыўнасці ў эканоміцы.

11 сакавіка споўнілася тры гады, як Сусветная арганізацыя здароўя назвала глабальную ўспышку COVID-19 пандэміяй.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў