У пашпарце Новай Беларусі знайшлася памылка: няправільна намаляваная беларуска-літоўская мяжа


На мапах у макетах пашпартоў Новай Беларусі недакладна ўказаная мяжа паміж Літвой і Беларуссю, піша LRT са спасылкай на Офіс Святланы Ціханоўскай.

Як можа выглядаць пашпарт новай Беларусі. Крыніца: Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі / Telegram

Офіс Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінет назвалі недакладнасць «тэхнічнай памылкай» і паабяцалі яе выправіць.

Адказны за праект пашпарта Новай Беларусі, прадстаўнік АПК у замежных справах Валер Кавалеўскі заявіў, што афіцыйны дызайн дакументу яшчэ не зацверджаны і памылка будзе выпраўленая.

«Мы ўдзячныя ўсім, хто звярнуў нашую ўвагу на гэтую праблему. Мы паважаем міжнародна прызнаныя межы Літвы – блізкага дэмакратычнага партнёра і саюзніка Беларусі», – гаворыцца ў заяве Офісу Ціханоўскай.

Ідэя пашпарта Новай Беларусі ўпершыню была прадстаўленая на канферэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні 2023 года ў Варшаве. Праект стаў актуальным пасля падпісання Лукашэнкам так званага «консульскага ўказу», якія забараніў абмен беларускіх пашпартоў за мяжой. Аб’яднаны пераходны кабінет абяцаў, што ўжо да канца сакавіка 2024 года будуць надрукаваныя першыя асобнікі пашпарта і распачнуцца перамовы з краінамі аб прызнанні дакументу.

Разбор
Пашпарт Новай Беларусі: дзейсны дакумент ці прыгожы сувенір з Пагоняй?
2024.01.26 17:56

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў