Швецыя будуе дзве падводныя лодкі, каб засцерагчыся ад магчымай агрэсіі Расеі


Швецыя пачала будаваць дзве падводныя лодкі, якія плануе спусціць на ваду ў 2027 і 2028 гадах. Мэта – засцерагчыся ад магчымай агрэсіі Расеі на Балтыцы, паведамляе «BBC News».

Порт вайсковай базы ў Карлскруне ў Швецыі.
Фота: TOM LITTLE / Reuters / Forum

Гэта будуць першыя субмарыны, пабудаваныя Швецыяй з сярэдзіны 1990 гадоў. 66-метровыя падводныя чаўны тыпу А26 мяркуюць спусціць на ваду праз тры гады. Вядома, што яны будуць называцца «Blekinge» і «Skåne». На сёння баявыя дзяжурствы ў Балтыйскім моры нясуць чатыры субмарыны, якімі валодае Швецыя.

Новыя падводныя лодкі будуюцца кампаніяй «Kockums» на карабельні ў Карлскруне.

Вядома, што і Нарвегія замовіла ў аднаго з нямецкіх канцэрнаў чатыры субмарыны. Данія, у сваю чаргу, збіраецца аднавіць свой ваенна-марскі флот, ад якога пазбавілася ў 2004 годзе, бо ён здаваўся непатрэбным.

«Захад не хоча адставаць ад Расеі, што, як вынікае са шведскай справаздачы, мае намер да 2030 года мець у шэрагах 50 баявых субмарынаў», – робіць высновы выданне.

У тэрытарыяльныя воды Швецыі неаднойчы пранікалі неапазнаныя падводныя чаўны. У 2022 годзе адбыўся выбух на газаправодзе «Паўночная плынь», а ў 2023-м быў пашкоджаны падводны кабель, што лучыў Фінляндыю з Эстоніяй. Таксама апошнімі днямі расейцы пахваліліся тым, што маюць намер правесці маштабныя вучэнні сваіх падводных лодак у Арктыцы.

Апрача таго, сталася вядома, што Швецыя павялічыць вытворчасць артылерыйскіх боепрыпасаў 155 мм («Nammo»), каб дапамагаць Украіне.

У лістападзе 2023 года Міхаэль Класан, кіраўнік штаба абароны Швецыі, папярэджваў аб магчымасці запуску Расеяй марскога міграцыйнага шляху ў Еўразвяз. Ён адзначыў, што найбольшую пагрозу ўяўляе магчымы маршрут праз Калініградскую вобласць.

Некалькі дзён таму генерал Мікаэль Бюдэн, галоўнакамандуючы шведскай арміі, перасцерагаў суайчыннікаў ад магчымай вайны: «Я думаю, што мы павінны задаваць сабе самыя простыя і важныя пытанні. Калі заўтра тут адбудзецца тое, што адбываецца сёння ва Украіне, ці гатовыя мы да гэтага»?

Тады на пытанне журналістаў SVT, ці пагражае Швецыі вайна, генерал адказаў коратка: «Так».

Hавiны
Украіна плануе падпісаць дамовы аб бяспецы яшчэ з некалькімі краінамі
2024.01.13 23:26

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў