Ці не надакучылі беларусам «саюзы» і хто вінаваты, што цяжка жывецца?


На замову «Белсату» сёлета ўвесну сацыялагічны цэнтр «Люстэрка-Інфа» правёў адмысловае апытанне беларусаў, з якога вынікае: толькі 4 % жыхароў краіны бачаць будучыню Беларусі ў якасці цалкам самастойнай і незалежнай дзяржавы.

Прыкладна пароўну размеркаваліся галасы тых, хто хоча супрацы з Усходам і Захадам – 27 % жыхароў краіны выказваюцца за саюз з Расейскай Федэрацыяй, а 23 % хацелі б, каб Беларусь увайшла ў Еўразвяз. У складзе Садружнасці незалежных дзяржаваў будучыню Беларусі бачаць 24 % жыхароў. Ажно 22 % беларусаў дагэтуль сумняюцца, што выбраць, ды не ведаюць, якім шляхам мусіць развівацца радзіма.



Як вынікае з леташніх апытанняў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, у выбары партнёраў беларусы схільныя вагацца: калі яшчэ ў чэрвені 2012 года, выбіраючы паміж аб’яднаннем з Расеяй і ўступленнем у Еўрапейскі звяз, за першы варыянт выказваліся 43,6 %, а за другі – 39,8 %, то ў кастрычніку гэтыя суадносіны сталі адваротныя: 36,2 % і 44,1 % адпаведна.

{movie}Матэрыял “Аб’ектыву” пра геапалітычную арыентацыю сярод беларусаў|right|10726{/movie}

Хто адмоўна ўплывае на развіццё краіны?

У бедах Беларусі вінаваты ўрад – упэўненыя 36 % беларусаў. У 2 разы меней людзей (17 %) лічаць, што адмоўна ўплывае на развіццё Беларусі апазіцыя. Прыкладна роўная колькасць беларусаў вінаваціць у няшчасцях Расею (9 %) ды Еўразвяз (10 %). Зноў жа ажно траціна апытаных (32 %) не ведаюць, хто шкодзіць краіне, ды не маюць на гэты конт ніякага меркавання. Толькі 10 % апытаных аказаліся поўнымі аптымістамі. Яны настойваюць, што негатыўнага ўплыву на развіццё Беларусі наагул не існуе.



Сацыялагічны цэнтр “Люстэрка-Інфа” з 29 сакавіка да 17 красавіка на замову “Белсату” апытала 3 тыс. жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце ад 18 гадоў. Памылка рэпрэзентатыўнасці, паводле ўстановы, не перавышае 0,6 %.

Другая частка вынікаў даследавання, зробленых на замову «Белсату», будзе апублікаваная на нашай старонцы ў сераду.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў