Лабірынт масона, танцы Багдановіча ды іншыя цікавосткі Ночы музеяў


Да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» далучыліся і дзясяткі айчынных. Праўда, не ўсе зразумелі галоўную ідэю: уваход мусіць быць бясплатны. «Белсат» адшукаў самыя арыгінальныя мерапрыемствы ў галоўных музеях рэспублікі.

Пачатак а 19:00,

кошт квітка – Br 25–50 тыс.

Нацыянальны мастацкі музей: Дырэктар пераапранецца ў шляхціца Завальню

18 траўня Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь ператворыцца ў дом шляхціца Завальні, куды са сваймі аповедамі завітаюць шматлікія падарожнікі. Тут пройдзе акцыя «Беларуская ноч, або Музей у фантастычных апавяданнях». Паводле намесніцы дырэктара Надзеі Усавай, замест традыцыйнага этнаграфічнага ўхілу балем будуць кіраваць беларускія брэнды і таямнічыя гісторыі. У ролі шляхціца Завальні выступіць дырэктар музею Уладзімір Пракапцоў.

Наведнікі таксама змогуць паглядзець экспазіцыю партрэтаў з украінскіх музеяў «Правіцелі і магнаты Вялікага Княства Літоўскага» і выставы: «Начны візіт» Валерыя Славука, «Беларусь у абдымках зорак» Віктара Малышчыца, «Беларусь сінявокая» Дзяніса Раманюка. Дзецям пакажуць спектаклі і падборку айчынных мультфільмаў.

Час правядзення: 20:00–01:00,

кошт квітка – Br 40 тыс.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь: Замовіце партрэт у стылі XVI ст.

Гасцей сустрэнуць аніматары ў выглядзе жыхароў гораду 1913 года. Пройдуць майстар-класы народных рамеснікаў для дзяцей і дарослых. Можна будзе, напрыклад, зляпіць сабе гаршчок паводле старажытнай стужкавай тэхнікі і забраць яго на памяць. У зале з экспазіцыяй «Гісторыя Беларусі XVII–XVIII стст. у партрэтах і геральдыцы» можна будзе замовіць мастаку свой стылізаваны партрэт на фоне прадметаў той эпохі. Яшчэ ў адной зале створаць камунальную кватэру, з «жыхарамі» якой можна будзе згуляць у даміно. На фоне выставы халоднай і агнястрэльнай зброі пакажуць спектакль паводле раману Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха».

Час правядзення: 17:00–22:00,

уваход вольны

Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: Сфатаграфуецеся ў вайсковай форме

Апроч сталай экспазіцыі музею (уваход вольны), можна будзе сфатаграфавацца з прадметамі вайсковага рыштунку і абмундзіравання, паглядзець паказальныя выступленні кіналагічнага цэнтру Дзяржаўнага мытнага камітэту і завітаць на выставу «Ваенныя грошы часоў Другой сусветнай вайны» і ўзяць удзел у конкурсе найлепшага выканання песні ваенных гадоў.

Час правядзення 19:00–00:00,

кошт квіткоў – ад Br 30 тыс. для дарослых

да Br 15 тыс. для дзяцей

Літаратурны музей Янкі Купалы: Стылізуюць «пад Паўлінку»

Тут у гонар 100-годдзя пастаноўкі п’есы Янкі Купалы «Паўлінка» пройдзе «РаЎlinkaPARTY» з выставаю вырабаў гэнд-мэйд, выступамі гуртоў «Босае сонца», «AltaMente», «Folkmashina» ды іншых. Апроч гэтага арганізатары запрашаюць на майстар-класы стварэння стыльнага вобразу «РаЎlinkastyle»: 1 зала – прычоскі ад прафесійных цырульнікаў, 2 зала – жаночыя ўпрыгожванні сваймі рукамі, 3 зала – фотаатэлье: адметны здымак з удзельнікамі моднага паказу.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча: Навучаць танцам пачатку ХХ ст.

Тут сканцэнтраваліся на модзе і гарадской культуры пачатку ХХ ст. Адкрыецца выстава «Мода пачатку ХХ стагоддзя» з фондаў музею, можна будзе далучыцца да салонных гульняў і ўзяць удзел у 2 майстар-класах: вырабу тэатральных аксесуараў і танцаў пачатку ХХ стагоддзя (рэгтайм, макшыш, “вальс-сумненне”, танга, ўанстэп). Музычную частку забяспечваюць Паліна Рэспубліка і гурт «Сундук».

Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры: лабірынт масона

У галоўным філіяле на Музычным завулку можна прайсці лабірынт «Стань масонам» (пазнаёміцца з гісторыяй, традыцыямі ды сімваламі масонаў).

Час правядзення: 10:00–17:30

Нясвіжскі замак: Фота ў гістарычных касцюмах

Можна будзе сфатаграфавацца ў касцюме XVIII стагоддзя і паслухаць канцэрт «Вяртанне ў Нясвіжскі замак: Радзівілы і музычны свет».

Час правядзення: 12:00–00:00,

кірмаш і экскурсія бясплатныя,

іншыя імпрэзы – кошт Br 10–20 тыс.

Мірскі замак: “сярэднявечны” кірмаш

Кірмаш у стылі XVI стагоддзя, майстар-клас у танцах XVIІ стагоддзя і начная экскурсія па замку «Святло ўначы».

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў