Без схемы разбаўляльнікаў страцілі мільярд. Што рабіць цяпер?


За першы квартал гэтага года экспарт беларускіх тавараў скараціўся на 20,5 % у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. На дзевяць адсоткаў скараціўся і імпарт. Па-ранейшаму адмоўнае застаецца і агулам сальда вонкавага гандлю: за сёлетнія студзень-сакавік нашая краіна нагандлявала ў «мінус» амаль на $ 600 млн.

Пры гэтым толькі за сакавік адмоўнае сальда павялічылася на $ 160 млн. Хоць чыноўнікі працягваюць захоўваць зайздросны аптымізм. Паводле Міністэрства фінансаў, сёлета за першы квартал рэспубліканскі бюджэт выкананы з прафіцытам Br 801 млрд, або 0,7 % адсотка валавога ўнутранага прадукту.

{movie}Аляксандр Сінкевіч у “Гарачым каментары”|right|10492{/movie}

Паводле эканаміста Аляксандра Сінкевіча, галоўная праблема беларускай эканомікі сёлета – спыненне ўдалай схемы з рээкспартам расейскай нафты на Захад у выглядзе разбаўляльнікаў.

«Гэткім чынам мы згубілі толькі за першы квартал каля $ 1 млрд. Калі параўнаць паказнікі, то гандлёвае сальда з Расеяй палепшылася на 2 млрд, а з Еўразвязам пагоршылася на 3 – вось, па-сутнасці, і адказ на пытанне аб дэфіцыце вонкавага гандлю», – тлумачыць адмысловец.

Спадар Сінкевіч нагадвае, што ўрад Беларусі, як не дзіўна, яшчэ летась зразумеў небяспечнасць гэткай залежнасці ад адной добрай шэрай схемы і спрабаваў знайсці замену – павялічыць экспарт прадукцыі машынабудаўнічых і транспартавых прадпрыемстваў. Дзяржаўную дапамогу гэтым галінам вытворчасці павялічылі ў некалькі разоў, але ў выніку прадукцыя цяпер стаіць на складах.

Асноўных прычынаў дзве: нежаданне ўладаў праводзіць грунтоўнае рэфармаванне як прамысловасці, гэтак і эканомікі ўвогуле і ўваход Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Цяпер беларускія тавары сутыкаюцца са значна больш сур’ёзнаю канкурэнцыяй на расейскім рынку і ў выніку прадукцыя ўсцяж застаецца на складах.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў