“У Чарнобылі ёсць замак злога варажбіта, які атручвае людзей”


У Японіі пасля трагедыі на “Фукусіме” другое жыццё набывае фільм пра беларускую дзяўчынку Каліну і ейных сямейнікаў, якія пацярпелі ад чарнобыльскага выбуху.

Японскі рэжысёр Акіёсі Імадзэкі пачаў здымаць фільм пра наступствы чарнобыльскай аварыі амаль 10 гадоў таму. Падставаю для стварэння стужкі сталася радыёпраграма аб выкліканых радыяцыяй хваробах беларускіх дзяцей. Спадар Імадзэкі нават не шукаў спонсараў, а пастанавіў рабіць фільм за свае грошы.

Развязаўшы ўсе арганізацыйныя пытанні, у чэрвені 2003 года рэжысёр і ягоныя калегі выехалі на месца здымкаў: у Цэнтр гематалогіі ў Менску і ў зону адсялення. Пасля вяртання ў Японію паводле сабранага матэрыялу Акіра Ісікава напісаў сцэнар. Пасля гэтага рэжысёр зноў адправіўся ў Беларусь для адбору актораў. У выніку ў карціне зняліся Таццяна Мархель, Вольга Водчыц, Сяргей Шымко, Ігар Сігаў, Людміла Сідаркевіч ды іншыя. Пошукі выканаўцы галоўнай гераіні фільму, дзяўчынкі Каліны, працягваліся даволі доўга, урэшце рэжысёр прапанаваў гэтую ролю Настассі Сярогінай.
{movie}Трэйлер японскага фільму “Дзяўчынка на імя Каліна”|right|10381{/movie}
Персанаж фільму “Дзяўчынка на імя Каліна” жыве ў горадзе, але ўвесь час збягае да бабулі ў вёску, у Хойніцкі раён. Разам з унучкаю бабуля шпацыруе па лесе, размаўляе, гуляе, аж пакуль родныя не даведваюцца, што дзяўчынка цяжка хворая. Падзеі, якія адбываюцца вакол яе, Каліна ўспрымае як казачныя, лічачы сябе гераіняю казкі, – што яшчэ больш узмацняе трагізм рэальнасці.

Падчас здымкаў японцы падкрэслівалі, што ім вельмі падабаецца беларуская прырода, добразычлівыя і адкрытыя людзі. Прыгожыя беларускія краявіды, паводле задумы рэжысёра, акурат меліся падкрэсліваць вераломнасць радыяцыйнага выпраменьвання, якое нябачна нішчыць людское здароўе.

У 2011 годзе фільм “Дзяўчынка на імя Каліна” быў абноўлены. Рэжысёр адправіўся ў 30-кіламетровую зону адсялення і зрабіў больш актуальныя здымкі, якія пазней улучыў у фільм.

Японцы хацелі б павучыцца ў беларусаў, ды не могуць

Цікавасць да Беларусі ды чарнобыльскай тэматыкі ўзрасла ў Японіі пасля аварыі ў Фукусіме, выкліканай у 2011 годзе землятрусам. Тады на АЭС выбухнулі атамныя рэактары. Праз 2 гады пасля аварыі ў 10 з 38 114 дзяцей з ваколіцаў выявілі рак шчытападобнай залозы.

Японскія эксперты і дактары падкрэсліваюць, што ўзровень анкалагічных хваробаў пасля трагедыі на “Фукусіме” вышэйшы, чым у Чарнобылі. Японцы маглі б выкарыстаць досвед Беларусі ў барацьбе з наступствамі радыеактыўнага забруджання, аднак чалавецтва гэтак і не змагло атрымаць досвед з Чарнобылю, лічыць чалец грамадскай каардынацыйнай рады пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Сыкала. На думку адмыслоўца, ліквідацыяй чарнобыльскай аварыяй з палітычных меркаванняў займаўся толькі Савецкі Саюз, памылкі ж прывялі да таго, што “сёння няма ніякіх навуковых і арганізацыйных звестак, як паводзіцца ў падобных сітуацыях”.

Рэжысёр Акіёсі Імадзэкі браў удзел у розных кіна- і тэлепраектах, у прыватнасці, у стварэнні фільмаў пра выдатнага японскага рэжысёра Акіра Курасаву. Ён аўтар шматлікіх мастацкіх фільмаў, дакументальных і асветніцкіх стужак і кліпаў.

М.Я., belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў БелаПАН, smaliavichy.by

Глядзі таксама
Каментары