Менск напаткае “Падман зроку”


Любімы ў Беларусі гурт “спЛин” неўзабаве наведае Менск з канцэртам. 6 траўня музыкі прэзентуюць свой апошні альбом “Падман зроку”, якога чакалі тры гады.

Фактычна ўвесь гэты час ішла напружаная праца над дыскам. Гэта найдаўжэйшы перапынак між рэлізамі альбомаў за 20 гадоў дзейнасці гурта, таму аматары чакаюць сапраўднага шэдэўру.

Альбом складаецца з 14 песень, кожная з якіх – асобная гісторыя, не пазбаўленая фірмовай надрыўнасці ды шчырасці “Спліноў”. А ў гэтым альбоме гурт звярнуўся да сапраўды трагічных сюжэтаў.

Напрыклад, песня “Страшная тайна” прысвечаная амерыканскай літаратарцы Сілвіі Плэт, што скончыла жыццё самагубствам у 1963 годзе. “Дачка самурая” – сумны аповед пра дзяўчынку з Хірасімы, якая верыла ў сваё вылячэнне ад прамянёвай хваробы, калі яна зробіць тысячу папяровых буслікаў.
{movie}Відэакліп на песню “Страшная тайна”|right|10376{/movie}
Ёсць у альбоме і трыб’ют да таленавітага рокавага паэта Аляксандра Башлачова – кампазіцыя “Пецярбургскае вяселле”. Музычныя крытыкі апісалі “Падман зроку” як “усё той жа паўночны рок з-за сценкі ў затхлай камунальнай кватэры”, пры гэтым музычны стыль не згубіў “цалкам нязломнай гранітнай постаці, якая нічым не праймаецца”. Аматары дадаюць: “спЛин” не згубіў сваёй разынкі, а песні набылі падабенства да мантраў.

Пераважная частка кампазіцыяў прагучыць для публікі ўпершыню. Доўгае маўчанне і прыхаванасць творчых адкрыццяў “Спліноў” спарадзіла жывую зацікаўленасць да “Падману зроку”. Стаць сведкам прэзентацыі новага загадкавага альбому можна 6 траўня ў менскім Палацы спорту, пачатак а 20-й гадзіне.

Даведкі ды квіткі праз тэл.: +375 29 650-11-33 (velcom), +375 29 763-11-11 (MTC).

Н. Я., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары