Рэцэпт пазбаўлення ад энергетычнай залежнасці ад Расеі. Літоўскі варыянт


Набываць энергарэсурсы ў моцнай суседкі? Пабудаваць сваю АЭС? Ці ўкласці вялікія грошы ў распрацоўванне альтэрнатыўных крыніцаў энергіі? Для Беларусі гэта не пытанні для публічных дыскусіяў, а вось у Літве спрэчкі цягнуцца ўжо не адзін год.

Нам варта прыгледзецца да абмеркаванняў, што адбываюцца ў суседняй краіне. Бо шмат у чым мы падобныя: савецкая мінуўшчына, якая пакінула нас неабароненымі ды прывязанымі да Расеі, выкапнёвая беднасць, незрэалізаваны патэнцыял.

З клопатам пра прыроду… і незалежнасць

Новую стратэгію энергетыкі Літвы абмеркавалі ўчора ў Сейме падчас круглага стала. Дапамогаю ў пазбаўленні ад балючай прывязанасці да энергаімпарту з Расеі можа стаць развіццё аднаўляльных крыніцаў энергіі, заявілі ўдзельнікі. Заініцыявалі семінар Еўрапейскі форум аднаўляльных энергарэсурсаў (EUFORES) і парламенцкі камітэт аховы навакольнага асяроддзя і эканомікі. Падзея папярэднічае разгляду праекту Нацыянальнай энергетычнай стратэгіі ў Сейме і закліканая паўплываць на грамадскасць.

Праблема распрацоўвання альтэрнатыўных крыніцаў энергіі (сонечнай, ветранай, энергіі біямасы ды г. д.) палягае ў яе дарагавізне і доўгім перыядзе акупляльнасці. Аднак вынік сябе апраўдвае: можна значна знізіць набыццё традыцыйных энерганосьбітаў з-за мяжы, адначасова праявіўшы клопат аб навакольным асяроддзі.

“Дзякуючы развіццю розных відаў аднаўляльнай энергетыкі мы зможам забяспечыць сабе энергетычную незалежнасць і вызваліцца ад уплыву Расеі. А энергетычная незалежнасць – гэта незалежнасць палітычная”, – заявіў падчас сустрэчы дэпутат Лінас Бальсіс.

Пазбавіцца ад “Газпрому”

Усведамляючы небяспеку манапалізацыі продажу газу, літоўскае кіраўніцтва пайшло на прыняцце Трэцяга энергетычнага пакету Еўразвязу. Яго сутнасць – у аддзяленні транспартавання газу ад яго продажу.

Расейскі газавы гігант, паводле неафіцыйнай інфармацыі, нават запрапанаваў зніжкі для Літвы, якая плоціць больш, чым Нямеччына. Праўда, у абмен папрасіў падпісаць доўгатэрміновы кантракт на набыццё і транзіт энерганосьбіту ў Калінінград. Аднак малаімаверна, што ўрад Літвы купіцца на такую прапанову.

Мірны атам

Яшчэ адзін сцэнар пазбаўлення залежнасці ад Расеі – будаўніцтва ўласнай электрастанцыі. Хоць размясціць яе плануюць у Ігналіне, побач з савецкай, ініцыятары абяцаюць цывілізаваны ды тэхналагічны падыход да праекту. Літоўцы абмяркоўваюць магчымасць супольнага фінансавання з Латвіяй, Эстоніяй ды Польшчаю. Практычным досведам у канструяванні падзеляцца японцы.

Пад уплывам агульнаеўрапейскіх экалагічных спрэчак меркаванні грамадзянаў Літвы адносна будучай АЭС падзяляюцца. Не забытая яшчэ і трагічная аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі.

Дадалося “атамных скептыкаў” пасля навіны ад уладаў Беларусі пра будаўніцтва фактычна на літоўскай мяжы ўласнай электрастанцыі. У адрозненне ад літоўскага выпадку, астравецкая АЭС будзе ставіцца за расейскія грошы і не паводле стандартаў краінаў, якія дбаюць пра бяспеку грамадзянаў і ахову прыроды. Для літоўцаў гэта некантраляваная бомба на самай мяжы, бо бяспека будучага рэактара выклікае сумневы. Астравецкая пляцоўка АЭС ляжыць усяго за 50 км ад Вільні.

У выніку, увосень 2012 года на рэферэндуме літоўцы не падтрымалі ідэі будаўніцтва АЭС у Літве. За станцыю выказаліся 34 %, у той час як супраць – 63 % грамадзянаў.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў