Афганістан: Школьніц спрабавалі атруціць газам


У Афганістане – чарговы напад на школу для дзяўчынак. Невядомы распыліў газ у будынку, 74 школьніцы адвезлі ў шпіталь з падазрэннем на атручванне.

Гэта ўжо не першы гэткі напад на школы для дзяўчынак у Афганістане. Супраць жаночай адукацыі ў краіне выступаюць ультракансерватары, якія падтрымліваюць талібаў.

На шчасце, напад на школу у правінцыі Тахар (Takhar), што адбыўся 21 красавіка, абышоўся без ахвяраў, тым не менш некалькі школьніц застаюцца ў шпіталі ў кепскім стане.

«Усе пацыенткі атрымалі адпаведнае лячэнне. Тых, хто застаўся ў шпіталі, неўзабаве ўсё ж выпішуць», – паведаміў галоўны доктар шпіталю Джаміль Фротан (Jamil Frotan).

Сваякі пацярпелых дзяўчынак сабраліся ля будынку мясцовай больніцы, куды прывезлі ахвяраў нападу. Адзін са сваякоў, Мухамэд Башыр (Mohammad Bashir), заклікаў чыноўнікаў пакласці канец нападам на жанчын, якія хочуць атрымліваць адукацыю. «Службовыя асобы маюць зрабіць рэальныя крокі, каб спыніць такія дзеянні. Каб мірныя людзі маглі спакойна жыць і атрымліваць адукацыю», – зазначыў Мухамэд Башыр.

Апошні падобны напад на школу, дзе вучацца дзяўчынкі, адбыўся трыма днямі раней у той жа правінцыі. Ніхто не бярэ на сябе адказнасці за гэтыя дзеянні, аднак яны паўтараюцца досыць рэгулярна. Летась у правінцыі на школы нападалі як мінімум чатыры разы, распыляючы газ, аднойчы спрабавалі атруціць ваду.

М.Л., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары