Не далі ўдарыць па «бездарожжу і разгільдзяйству»


Магілёўская Дзяржаўтаінспекцыя спыніла аўтапрабег «За добрыя дарогі».

Мясцовы аўтаклуб «6 Region» зыніцыяваў аўтапрабег, да якога далучыліся 15 аўтааматараў. Аднак давесці акцыю да канца перашкодзілі працаўнікі ДАІ – яны спынілі калону аўтааматараў.

Як заявіў БелаПАНу перад пачаткам акцыі адзін з арганізатараў аўтапрабегу, горшых дарог, чымся ў Магілёве, у іншых абласных цэнтрах краіны няма. Ямы і калдобіны прыводзяць да паломак аўтамабіляў. Менавіта для прыцягнення ўвагі да праблемы дрэнных дарог у Магілёве і была зарганізаваная акцыя. Пры гэтым ён падкрэсліў, што мерапрыемства – не акцыя пратэсту.

Удзельнікі аўтапрабегу праехалі амаль палову маршруту, які пралягаў па вуліцы Астроўскага, Пушкінскім праспекце, вуліцы Піянерскай, праспекце Міра. На вуліцы Каралёва ўдзельнікаў аўтапрабегу спыніў працаўнік ДАІ, які адмовіўся пракаментаваць сутнасць прэтэнзіяў да аўтамабілістаў. Міліцыянт выклікаў падмацаванне, і ў аўтамабілістаў пачалі спраўджваць дакументы ды складаць пратаколы апытання.

Арганізатары акцыі па яе заканчэнні планавалі ўсталяваць своеасаблівы сімвалічны памятны знак паламаным машынам з запчастак пашкоджаных аўтамабіляў. Зрабіць гэта меркавалася ў раёне Святога возера, дзе распачалася акцыя.

Цяпер удзельнікі акцыі плануюць усталяваць гэты памятны знак беспасярэдне на вуліцы Каралева, дзе іх спынілі працаўнікі ДАІ.

М.Л., паводле БелаПАН

Стужка навінаў