У Брусель паехала чыноўніца МЗС, якая адмовіла «Белсату» ў акрэдытацыі


Намесніца міністра замежных справаў Беларусі Алена Купчына цяпер у Бруселі з афіцыйным візітам.

Чыноўніца правядзе шэраг сустрэчаў з кіраўнікамі еўрапейскіх установаў. «Бакі абмяркуюць шырокае кола пытанняў, якія датычаць узаемадзеяння Беларусі з Еўрапейскім звязам»,- паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

Між тым менавіта подпіс Алены Купчыной стаіць пад нядаўняю пастановаю адмовіць у акрэдытацыі карэспандэнцкага пункту спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат».

Паводле падпісанага 26 сакавіка чыноўніцай дакументу, беларускія журналісты ўжо неаднаразова парушалі заканадаўства, калі супрацоўнічалі з неакрэдытаваным тэлеканалам. Атрыманыя за гэта пракурорскія папярэджанні сталі падставай чарговай афіцыйнай адмовы ў акрэдытацыі “Белсату”.

Алена Купчына з 2006 года выконвала функцыі пасла Рэспублікі Беларусь у Вугоршчыне, а з 2008-га – і ў Славеніі. Спрычынілася да выхаду ў свет у 2007 годзе першага беларуска-вугорскага слоўніка.

М.Я., belsat.eu, паводле прэс-службы ГА «БАЖ»

Стужка навінаў