Прынамсі да 8 траўня застанецца ў Следчым ізалятары КДБ Андрэй Гайдукоў з Наваполацку, які ужо пяць месяцаў правёў за кратамі. Следства ў так званай “шпіёнскай справе” працягнулі на чарговы месяц. Маладзёна вінавацяць у здрадзе дзяржаве “шляхам агентурнай дзейнасці”. Але ці ёсць зрухі ў следстве, і калі чакаць суда?
Пяць месяцаў цішыні. Камітэт дзяржбяспекі маўчыць пра справу наваполацкага актывіста Андрэя Гайдукова. Следства ў справе супраць маладзёна працягнулі яшчэ на месяц.
{movie}Месяц да справы Гайдукова (08.04.13)|right|10111{/movie}
Справа 23-гадовага хлопца распачалася летась 8 лістапада. Аператара з наваполацкага “Нафтану” абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве. Камітэт дзяржбяспекі рапартаваў, што выявіў шпіёна, які працаваў на замежныя выведкі. Гэта ўся афіцыйная інфармацыя за пяць месяцаў.
АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ:
“Я не бачу руху ў справе – мяне, канечне, гэта бянтэжыць, і я мяркую, што няма доказаў шпіянажу, следства ў тупіку”.
У справе аб шпіёнскай сетцы фігуруюць яшчэ тры чалавекі: ягоная маці ды два сябры. Адзін з іх, Яўген Канстанцінаў, які праходзіць сведкам, зацяжное следства тлумачыць неабходнасцю дадаць справе вагі.
ЯЎГЕН КАНСТАНЦІНАЎ, САЮЗ МАЛАДЫХ ІНТЭЛЕКТУАЛАЎ:
“Спрабуюць надаць справе важнасці. Паказаць, што органы працуюць, неабходна ўсё расследаваць афіцыйна”.
Другі сябар Гайдукова і фігурант справы Ілля Багданаў напачатку таксама праходзіў як абвінавачаны, днямі яму змянілі статус на сведку ў справе. Ён адзіны, хто апроч сілавікоў, за апошні час кантактаваў з Андрэем Гайдуковым.
ІЛЛЯ БАГДАНАЎ, СВЕДКА Ў СПРАВЕ:
“Апошні раз на вочнай стаўцы бачыліся. На той момант я нават не чакаў ад яго, што ён малойца, трымаецца бадзёра, усміхаўся”.
За ўвесь час следства ў Багданава былі толькі чатыры размовы са следчымі. Тое, што яму змянілі статус, паводле сяброў Гайдукова, сведчыць, што справа набліжаецца да суда, які, найхутчэй, пройдзе ў закрытым рэжыме.
ЯЎГЕН КАНСТАНЦІНАЎ, САЮЗ МАЛАДЫХ ІНТЭЛЕКТУАЛАЎ:
“Справа набліжаецца да фіналу. Мне падаецца, да канца красавіка – пачатку траўня справа будзе завершаная”.
Эксперты праводзяць паралелі паміж справаю Гайдукова і выбухам у менскім метро. Следства ў справе аб выбуху ўклалася акурат у пяць месяцаў. З тою толькі розніцаю, што там праходзілі тысячы людзей, а тут следчыя рассакрэчваюць дзейнасць шпіёнскай сеткі… з аднаго чалавека.
Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”, belsat.eu