На сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы пачаліся дэбаты па Беларусі


Асноўнае патрабаванне – неадкладнае вызваленне ўсіх палітвязняў.

На сесіі разгледзяць заклік да ўладаў Беларусі. У прыватнасці, у дакуменце ўтрымліваюцца патрабаванні спыніць пераслед і пагрозы ў дачыненні апазіцыйных палітыкаў і незалежных медыяў, а таксама правесці празрыстае расследаванне непрапарцыйных дзеянняў органаў правапарадку супраць дэманстрантаў 19 снежня.

Еўрапарламентарыі таксама заклікаюць перагледзець рашэнне наконт закрыцця Офісу АБСЕ ў Менску і працягнуць яго мандат.

ПАРЕ будзе ўмацоўваць дыялог з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, незалежнымі медыямі ды праваабаронцамі. Адначасова пацвярджаецца неабходнасць прыпыніць кантакты з Беларуссю на высокім узроўні.

У праекце дакументу падкрэсліваецца, што парламенту Беларусі не адновяць статус адмыслова запрошанага ў Радзе Еўропы, пакуль “не будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне і пакуль не адбудзецца адчувальны прагрэс у плане дэмакратычных каштоўнасцяў і прынцыпаў, якіх прытрымліваецца Рада Еўропы”.

Абноўлена: ПАРЕ прыняла рэзалюцыю, пастаўленую на галасаванне, у нязменным выглядзе. За прыняцце дакументу прагаласавалі 90 дэпутатаў, супраць – 9, устрымаліся ад галасавання трое еўрадэпутатаў.
belsat.eu

Стужка навінаў