Сёння спаўняецца 30 гадоў з дня смерці Ларысы Геніюш


«Адзінай мэты не зракуся, i сэрца мне не задрыжыць. Як жыць, дык жыць для Беларусі, а без яе – зусім не жыць!», запаветам засталіся для нас вершаваныя радкі славутай паэткі і пакутніцы за Беларусь.

Ларыса Геніюш (у дзявоцтве Міклашэвіч) нарадзілася ў сям’і заможнага землеўласніка. Скончыла Ваўкавыскую беларускую гімназію. У 1937 годзе пераехала ў Прагу да свайго мужа Янкі Геніюша, які тады вучыўся на лекара. У 1939 годзе, пасля ўступлення савецкіх войскаў у Заходнюю Беларусь, расстралялі ейнага бацьку, а маці і дзвюх сясцёр саслалі ў Казахстан.

{movie}Фільм “Няскораная”. Частка 1|right|10093{/movie}

Да 1947 года Ларыса Геніюш жыла ў Празе, выконвала функцыі Генеральнага сакратара ўраду БНР, займаючыся ўпарадкаваннем і захаваннем архіву незалежнай рэспублікі. У 1948 годзе яе разам з мужам перадалі савецкім уладам, якія абвінавачвалі яе ў «антысавецкай нацыяналістычнай дзейнасці». Ларысу Геніюш асабіста дапытваў міністр Дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава, які намагаўся яе змусіць перадаць архівы БНР.

У лютым 1949 года разам з мужам паэтку асудзілі да 25 гадоў зняволення ў савецкіх лагерах у Комі ды Мардовіі. У 1956 годзе пасля частковай рэабілітацыі Ларыса Геніюш вярнулася на радзіму мужа ў Зэльву. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася да канца жыцця грамадзянкай Чэхаславаччыны.

{movie}Фільм “Няскораная”. Частка 2|right|10094{/movie}

Вершы Ларыса Геніюш пісала яшчэ ў гімназіі, а друкавацца пачала ў 1939-м у беларускіх перыядычных выданнях для эмігрантаў «Раніца», «Беларускі работнік», «Новы шлях» ды інш. У 1942 годзе ў Празе выйшаў першы зборнік ейнай паэзіі «Ад родных ніў». Доўгі час Ларысе Геніюш дазвалялі выступаць толькі як дзіцячай пісьменніцы (апублікавала 2 кнігі вершаў для дзяцей). Пасля развалу Савецкага Саюзу пасмяротна былі выдадзеныя найбольш поўныя і значныя зборнікі твораў.

На пахаванні Ларысы Геніюш. Фота svaboda.orgНа пахаванні Ларысы Геніюш. Фота svaboda.orgЛарыса Геніюш амаль усё сваё жыццё пражыла пад наглядам КДБ, аднак, не гледзячы на гэта, ейны дом у Зэльве стаўся прыцягальным асяродкам для творчай моладзі з усёй Беларусі. На пахаванне паэткі 7 красавіка 1983 года ў Зэльву з’ехаўся натоўп людзей. З пакутніцаю за беларушчыну развітваліся не толькі прадстаўнікі інтэлігенцыі, але і звычайныя беларусы – вяскоўцы і гараджане. Беларусы засведчылі тады, што ўмеюць памятаць і шанаваць выбітных прадстаўнікоў свайго народу, аднак імя творцы дагэтуль выкраслена са школьных падручнікаў беларускай літаратуры.

Ларысу Геніюш пакуль жа больш цэняць за мяжою: яе творы па ініцыятыве польскага ўраду перакладаюцца на польскую мову, ужо выйшаў польскі пераклад кнігі ўспамінаў паэткі „Птушкі бяз гнёздаў”, а балгарскія літаратуразнаўцы нават назвалі Ларысу Геніюш адною з найлепшых славянскіх паэтак разам з Марынаю Цвятаевай і Ганнаю Ахматавай.

У фільматэцы «Белсату» ёсць дакументальны фільм «Няскораная», які ўздымае пытанні: чаму ж краіна, якой гэтая таленавітая жанчына прысвяціла сваё самаахвярнае жыццё, дзеля якой стварала і пакутавала, адхінаецца ад яе нават цяпер, калі рухнула антычалавечая камуністычная сістэма?

М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў