Культуролаг: У царкву ў Беларусі ходзіць столькі ж людзей, колькі ёсць секс-меншасцяў


Сучасная беларуская нацыя ўяўляе сабой урбаністычную супольнасць, што адыходзіць ад традыцыі, выказаў думку культуролаг Сяргей Харэўскі падчас публічнай лекцыі «Нашая новая ідэнтычнасць» у Магілёве 6 красавіка.

На думку адмыслоўца, сённяшнія беларусы абсалютна не тыя, якія былі на пачатку ХХ стагоддзя. Яны жывуць пераважна ў гарадах, рэлігія ў іх жыцці практычна не мае ніякага значэння. Яны цяпер больш дасведчаныя ў тым, які ідзе год паводле кітайскага календара, чымся ў тым, як называецца найбліжэйшае хрысціянскае свята.

Колькасць тых, хто пастаянна наведвае царкоўныя службы, блізкая паводле колькасці да людзей з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй. Разам з тым, на думку спадара Харэўскага, цяперашняя беларуская вёска – гэта аграгарадок з тэлевізарам, там не ўбачыш традыцыйных абрадаў, не пачуеш народных песень.

Культуролаг мяркуе, што паскораная кансалідацыя сучаснай беларускай нацыі пачалася напярэдадні гарбачоўскай перабудовы ў 1980-х гадах і яна была інспіраваная тагачаснаю камуністычнаю ўладаю. Росту нацыянальнай самасвядомасці садзейнічала ўвага да архітэктурных помнікаў, што засталіся і якія пачалі актыўна рэстаўравацца, правядзенне розных культурных акцыяў. У далейшым гэта падштурхнула да таго, што ў гарадах утварыліся грамадскія нефармальныя аб’яднанні, у першую чаргу моладзевыя, якім былі цікавыя традыцыі свайго народу. З гэтага ў канцы 1980-х–пачатку 1990-х гадоў выраслі нацыянальныя, экалагічныя, рэлігійныя рухі.

Цяперашнія ўлады Беларусі, на думку Харэўскага, з інерцыі працягваюць савецкую практыку правядзення розных культурных акцыяў – сюды можна аднесці тыя ж «Дажынкі», Дні беларускага пісьменства, аднаўленне архітэктурных помнікаў. Але нефармальны перабудовачны рух можна лічыць ініцыятарам цяперашніх акцыяў.

М.Я., belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары