У Расеі могуць заблакаваць «Facebook». «Укантакце» святкуе перамогу?


Расейскае прадстаўніцтва «Facebook’у» атрымала папярэджанне, што запіс пра суіцыд у сетцы ўнеслі ў «чорны спіс» забароненых сайтаў.

Афіцыйнае папярэджанне прыйшло сёння ранкам з Расейскага камітэту нагляду, паведамляе тэлеканал «Дождь». «Facebook» атрымаў 3 дні на выдаленне гэтай публікацыі, інакш яго могуць цалкам заблакаваць. Прадстаўніца сацыяльнай сеткі ў Расеі Кацярына Скорабагатава адмовілася даваць каментары з гэтай нагоды. На пытанне, ці могуць сацыяльную сетку заблакаваць, кіраўнік прэс-службы Раскамнагляду Уладзімір Пікаў адказаў: «Не хацелася б пра гэта думаць. Мы прыкладаем максімум намаганняў, каб гэтага пазбегчы».

Учора «Новая газета» надрукавала гучны артыкул пад назваю «Кіраўніцтва «Укантакце»: «Мы ўжо колькі гадоў супрацоўнічаем з ФСБ і аддзелам «К»МУС, аператыўна выдаючы інфармацыю пра тысячы карыстальнікаў нашай сеткі». Ёсць меркаванне, што гэтую публікацыю замовіла мясцовае кіраўніцтва «Facebook’у», каб зрабіць антырэкламу свайму галоўнаму канкурэнту. Учора ўвечары аўтар кнігі «Код Дурава», прысвечанай стваральніку сеткі «Укантакце», Мікалай Конанаў назваў гэтую версію «канспіралагічнаю тэорыяй».

Аднак ужо сёння з’явілася інфармацыя пра магчымае заблакаванне «Facebook’у», якое сталі звязваць з гульнёю Крамля ва ўгоду сваёй партнёрскай сацыяльнай сетцы.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў