Беларусь-2013: Запрасілі на Дзень Волі – трапілі за краты


У Віцебску падчас раздачы ўлётак з запрашэннем прыйсці на мітынг 25 сакавіка з нагоды гадавіны абвешчання БНР затрымалі актывістаў партыі БНФ — Леаніда Аўтухова і Канстанціна Смолікава.

Як паведаміў віцебскі праваабаронца Леанід Свецік, затрыманне адбылося 22 сакавіка ў гандлёвым цэнтры «Эвіком». Аўтухова і Смолікава прывезлі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску. Хутчэй за ўсё на іх складуць адміністратыўныя пратаколы паводле абвінавачання ў незаконным распаўсюджванні друкаванай прадукцыі ці дробным хуліганстве, а ў панядзелак, 25 сакавіка, адбудзецца суд. Датуль затрыманых наўрад ці вызваляць, мяркуе праваабаронца.

На мінулым тыдні Віцебскі гарвыканкам адмовіў у правядзенні двух масавых мерапрыемстваў, заяўленых мясцовымі дэмсіламі на 25 сакавіка з нагоды Дня Волі. Адзін з мітынгаў планавалі правесці сябры партыі БНФ, а другі – актывісты руху «За свабоду».

Міліцыя звычайна праводзіць прэвентыўныя затрыманні дэмакратычных актывістаў перад запланаванымі масавымі акцыямі апазіцыі.

М. Я., belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў