Арышты «по понятиям» і «чужымі рукамі»: Як беларускія праваахоўнікі пазбаўляюцца мафіёзі


Цягам 2 апошніх месяцаў арыштавалі чацвярых «новакаранаваных» «злодзеяў у законе». Затрыманні адбываліся ў розны час пры розных абставінах, аднак маюць агульныя рысы.

Спецаперацыя супраць «аўтарытэтаў»

Міністэрства ўнутраных справаў адрапартавала пра сканчэнне спецаперацыі ў справе арышту «злодзеяў у законе». «Неабходную інфармацыю пра незаконную дзейнасць сваіх суайчыннікаў беларускія праваахоўнікі пачалі збіраць ужо даўно», паведамляе афіцыйны сайт МУСу.

«Пад калпаком» была чацвёрка беларусаў: Павел Алексіевіч (Паштэт), Руслан Лебедзеў (Лебедзь), Аляксандр Мядзведзеў (Мядзведзік) ды Алег Герасімовіч (Му-му). Усіх іх аб’ядноўвае тое, што іхная «каранацыя» адбывалася на злодзейскай «сходцы» ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Першае затрыманне адбылося ў Падмаскоўі – расейскі спецназ уварваўся ў рэстарацыю, дзе адбывалася чарговая «сходка». Усіх прысутных у зале запісалі на відэакамеру ды спраўдзілі дакументы, аднак арыштавалі толькі аднаго – беларуса Паўла Алексіевіча. Паводле праваахоўнікаў, ён меў пры сабе 1,5 гр какаіну.

Наступны арыштаваны – Руслан Лебедзеў. Яго схапілі ў Маскве. Паводле афіцыйнае інфармацыі, ён таксама меў пры сабе наркотыкі. Яшчэ праз месяц узялі пад варту Аляксандра Мядзведзева, які меў пры сабе 15 гр гашышу.

19 сакавіка ізноў жа ў Маскве арыштавалі апошняга з «чацвёркі каранаваных» беларусаў – Алега Герасімовіча. Афіцыйная прычына – меў пры сабе 1,17 гр какаіну.

«Фірмовы стыль» расейскіх сілавікоў

«Злодзеі ў законе» – самыя ўплывовыя людзі ў крымінальным свеце. Арышт на падставе таго, што ў такога чалавека нечакана знайшлі колькі дозаў наркотыкаў, выклікае вялікія сумневы наконт праўдападобнасці такога факту.

«Аляксандра Мядзведзева прыцягнулі да адказнасці за тое ж, за што прыцягваюць іншых крымінальных «аўтарытэтаў» у Расеі. Ува ўсіх нечакана знаходзяць наркотыкі, – падкрэслівае крымінальны аглядальнік Віктар Федаровіч. – Тое самае было і з Паштэтам. Але я дакладна ведаю, што ён да наркотыкаў абыякавы. Гэта адпрацаваная схема: трэба было знайсці, затрымаць і пасадзіць».

«Злодзеі ў законе» нават падчас затрыманняў не хаваюць сваёй прыналежнасці да крымінальнага свету. А расейскія паліцэйскія, кіруючыся прынцыпам «злодзей мусіць сядзець у турме», могуць не гідзіцца і фабрыкаваннем крымінальных справаў.

Паводле Федаровіча, беларускія мафіёзі цяпер «залеглі на дно» і вельмі асцярожныя. Арыштаваць іх іначай, як «расейскім метадам», немагчыма.

Гісторыя барацьбы

15 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка публічна аб’явіў вайну арганізаванай злачыннасці. Адбылося гэта ў 1997 годзе, на наступны дзень пасля таго, як у Магілёве ад выбуху бомбы загінуў тагачасны кіраўнік Дзяржкантролю Яўген Мікалуцкі.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ўспрымае гэты тэракт як асабісты выклік. Праз 2 тыдні выходзіць дэкрэт «Аб неадкладных захадах у барацьбе з тэрарызмам ды іншымі небяспечнымі гвалтоўнымі злачынствамі», які развязвае рукі міліцыі: паводле дэкрэту, любога, каго падазраюць ва ўдзеле ў злачыннай групоўцы, можна трымаць пад арыштам месяц без прад’яўлення абвінавачання.

Аднак частка беларускіх «злодзеяў у законе не ідуць у турму, а… знікаюць. Гэтак было з Уладзімірам Клешчам (Шчаўлік), Аляксандрам Трацэўскім. «Злодзея ў законе» Генадзя Лукашова ў Віцебску застрэліў невядомы снайпер. Беспакарана забіць «злодзея ў законе» ніхто не можа сабе дазволіць, прынамсі, у крымінальным свеце. І тут паўстае версія пра сумнавядомы «эскадрон смерці», ахвярамі якога пасля мафіёзі становяцца апазіцыянеры.

І як падвынікаванне гэтай барацьбы з мафіяй гучаць словы Аляксандра Лукашэнкі: «Быў выпадак, калі яны няправільна сябе паводзілі. Памятаеце вы гэтых шчаўлікаў ды іншых. Дзе яны цяпер?».

Ізноў загад «зверху»?

«Раней мы чулі заявы, што арганізаваную злачыннасць у нас перамаглі, «злодзеяў у законе» ў нас няма. І раптам такі рэзкі выкід: і арганізаваная злачыннасць, і «злодзеі ў законе». І яшчэ будуць з’яўляцца, паводле маіх звестак. Якая дзяржава такое стрымае? З гэтым трэба змагацца любымі спосабамі», – зазначае Віктар Федаровіч.

Аднак апошняя спецаперацыя супраць беларускіх мафіёзі таксама не ідзе ні ў якае параўнанне з метадамі, што выкарыстоўвалі ў 1990-х. Цяпер чацвярых беларускіх «злодзеяў у законе» арыштавалі «чужымі рукамі» і на тэрыторыі іншай краіны. Таксама там адбудуцца і суды. Падобна на тое, што беларускае МУС хоць і прыпісвае сабе заслугу ў «нейтралізацыі» аўтарытэтаў, у самых спецаперацыях браў толькі інфармацыйны ўдзел.

Выключэнне – нейтралізацыя «злодзея ў законе» Аляксандра Кушнерава, які ў крымінальным свеце меў статус наглядальніка па Беларусі. Ён атрымаў максімальна магчымы тэрмін, 2 гады, за ўхіленне ад прэвентыўнага нагляду. Суд адбываўся ледзь не патаемна – за сценамі Менскага СІЗА № 1.

{movie}”Злодзей у законе” Саша Беларус – Аляксандр Кушняроў|right|9825{/movie}

Ці можна казаць пра тое, што беларускую мафію знішчылі? «У нас краіна хоць і маленькая, але крымінальная. Каля 90 % усіх злачынстваў, што здзяйсняюцца, – гэта крадзяжы, рабаванні. У калоніях сядзяць людзі, палова з якіх па 2–3 ходкі мае. Гэта «рэзерв», «пяхота» для прафесійнай крымінальнай арганізаванай злачыннасці», – падвынікоўвае Віктар Федаровіч.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў