Беларусаў вучаць ашчаджаць з дапамогаю савецкіх плакатаў (Фота)


Улады размаўляюць з грамадзянамі агітацыяй у найлепшых савецкіх традыцыях. Каб кожны змог ацаніць намаганні сённяшніх паслядоўнікаў “вокнаў РОСТА” ў галерэі “Атрыюм” Нацыянальнай бібліятэкі адкрылася адмысловая выстава “Будзь гаспадаром”. Тэматыка – Год беражлівасці, у экспазіцыі – указы і дырэктывы кіраўніка краіны, брашуры Міністэрства энергетыкі, кнігі пра альтэрнатыўныя крыніцы электраэнергіі ды немалая падборка насценных малюнкаў 70–80-х гадоў ХХ стагоддзя.

“Беражы працоўную хвіліну!”, “Беражы будаўнічыя матэрыялы!”, “Будзь гаспадаром!” – захоплена глядзяць з плакатаў будаўнікі, рабочыя і ўдарнікі калгасаў.

Малюнкі пра эканомію ў побыце аўтарства Таццяны Гардашнікавай і Дзмітрыя Сурскага складаюцца ў цэлую серыю. Яе зрабілі ў канцы 1980-х гадоў для выдавецтва рэкламных плакатаў. Нягледзячы на, здавалася б, побытавую тэму, Дзмітрый Сурскі лічыць гэтыя плакаты палітычнымі. Тады выдавецтвы атрымлівалі замову “зверху” ад ведамстваў ў пытаннях энергетыкі. Што і як трэба эканоміць савецкім грамадзянам, цэнтралізавана вырашала партыя.

“Першапачаткова былі плакаты пра эканомію паліва, вады, электрычнасці і ўцяпленне жытла, – распавёў “Белсату” мастак. – За іх мы атрымалі першую прэмію на Усесаюзным конкурсе рэкламных плакатаў. Пасля мы пашырылі падборку яшчэ колькімі пра ашчаджэнне хлеба, збор макулатуры і харчовых адкіда. Калі памятаеце, тады ставілі адмысловыя бакі, якія страшна смярдзелі”.

Серыю Сурскага і Гардашнікавай перавыдавалі 4 разы. Малюнкі экспанаваліся на біенале ў чэшскім горадзе Брно ў 1990 годзе, часта друкаваліся ў часопісах. Як і шмат яккія з плакатаў таго часу, іх паводле абавязковай разнарадцы куплялі ЖЭСы, крамы ды арганізацыі.

“Яны і цяпер не састарэлі, – мяркуе Дзмітрый Сурскі. – Я нават ездзіў у Барысаў, прапаноўваў змяшчаць выявы на пачках запалак. Праўда, пакуль гэта не скончылася нічым канкрэтным”.



Год беражлівасці: старыя агітацыйныя тэхнікі без мэты і адрасату

Чаму агітацыйныя плакаты савецкага часу захавалі сваю цікавасць да сёння? Культуролаг Максім Жбанкоў мяркуе, што нават прапагандысцкі візуальны тэкст можа мець мастацкую каштоўнасць: фільмы Сяргея Эйзенштэйна і Дзіґі Вертава ўваходзяць у лік найлепшых стужак усіх часоў.





“За плакатнаю агітацыяй стаяла моцная сацыяльная міфалогія камунізму: светлая будучыня, рух да лепшых часоў, – тлумачыць Максім Жбанкоў.
Малюнкі пра беражлівасць – не проста заклікі да ашчаднасці ў побыце. Гэта прыкладныя праявы савецкай ідэалогіі. Паводле яе, кожны грамадзянін мусіў далучыцца да пабудовы агульнага шчасця праз эканомію вады ці збор макулатуры. На вышэйшым узроўні ў краіне ўсё выдатна, толькі на ніжэйшым недапалепшана: паліва з трактара выцякае, хтосьці хлеб выкінуў у сметніцу і гэтак далей. Таму грамадзяне мусяць знізу набліжаць рэчаіснасць да агульнага камуністычнага канону”.

“Белсат” прапанаваў Максіму Жбанкову параўнаць плакаты з выставы “Будзь гаспадаром!” з беларускаю сацыяльнаю рэкламаю.

“Сённяшняя агітацыя берагчы святло выглядае камічна, – сцвярджае культуролаг. – Калі прэзідэнт ЗША скажа замяніць звычайныя лямпачкі на эканамічныя, яго засмяюць! Ува ўсім свеце гэтаю тэмаю займаюцца экалагічныя ініцыятывы. Толькі ў нас улады лічаць, што грамадства настолькі несумленнае, што калі не загадаеш ашчаджаць, то людзі не будуць гэтага рабіць. Стылістычна сённяшнія плакаты – нашчадкі савецкай прапаганды, але яны пустыя. За ратаваннем электраэнергіі няма звышмэты, а ў камуністаў яна была”.



Сучасная прапаганда прайграе савецкай і з гледзішча дызайну. Плакаты з серыі “За Беларусь!” з тварамі шчаслівых рабочых не ідуць у параўнанне з аналагічнымі савецкімі.



“У старых плакатаў ёсць аўтарскі стыль. Сёння дзяржава абавязвае вырабляць сацыяльную рэкламу прыватныя ўстановы. Прымусовы крэатыў немагчымы: няма натхнення, аўтарскай праўды. Такія твары наўрад ці будуць мець водгук. Гэта дрэнная візуальная камунікацыя. Будучыні, як у савецкіх плакатаў, у яе няма”,
– падвынікоўвае Максім Жбанкоў.

Аліна Каранкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў