“Галаварэзы Дзіянава” і шпіёнскія тэхналогіі: Унутраныя сваркі мадэратараў апазіцыйных суполак


Шмат хто з адміністратараў беларускіх пратэставых суполак у сацыяльных сетках з’ехалі ў Польшчу. Некаторыя паведамлялі пра спробы вербавання з боку КДБ, іншыя ўцяклі праз ціск спецслужбаў. Аднак спакою ў гэтым асяроддзі няма, днямі распачаўся чарговы ўнутраны канфлікт. Сітуацыя нагадвае дрэнны шпіёнскі дэтэктыў.

Ад’езд інтэрнэт-актывістаў з Беларусі пачаўся летась у жніўні пасля затрыманняў 4 мадэратараў. Павел Еўціхееў і Андрэй Ткачоў атрымалі па 5 і 7 содняў арышту, Алег Шамрук праседзеў у КДБ да вечара, а Рамана Пратасевіча адпусцілі раней, бо яму на той момант не споўнілася 18 гадоў.

Мадэратар суполак “Надакучыў нам гэты Лукашэнка” і “Толькі ШОС!Сяргей Бяспалаў з’ехаў у Польшчу раней. У снежні Павел Еўціхееў, які быў адным з адміністратараў у тых жа групах папрасіў палітычнага прытулку ў заходняй суседцы. Як ён паведаміў “Белсату”, спецслужбы не дазвалялі мадэраваць суполкі з Беларусі. Хлопцы пасяліліся разам і ў пятніцу 15 сакавіка Бяспалаў паведаміў на сваёй старонцы пра тое, што Еўціхееў скраў у яго сім-карту да тэлефону, грошы і, завалодаўшы паролямі да суполак, з’ехаў з кватэры.



Тэхналогіі польскай паліцыі

Як распавёў “Белсату” Бяспалаў, Еўціхееў у Польшчы займаўся раскручваннем колькіх апазіцыйных выданняў у сацыяльных сетках і паводзіўся вельмі дзіўна: “Ён быў вельмі ціхі, мала размаўляў, нікуды не выходзіў з дому і ўвесь час сядзеў у інтэрнэце. А апошнім часам крытыкаваў дзейнасць апазіцыі ды некаторых сайтаў, у тым ліку “Хартыі’97”.

Скраўшы паролі, Еўціхееў меўся весці размовы паміж сваім акаўнтам і акаўнтам Бяспалава, дзе ад ягонага імя прапаноўваў сабе прадаць суполку “Ляпіс Трубяцкі – бескаштоўны канцэрт у Менску” , каб… атрымаць грошы на наркотыкі.

Пацярпелы адразу ж паведаміў пра крадзеж у паліцыю і ў той жа дзень здолеў аднавіць картку. Там жа ў паліцыі ён даведаўся пра тое, што Еўціхееў едзе цягнікам ў кірунку Беларусі. Як Бяспалаў патлумачыў “Белсату”, паліцэйскія прасачылі сігнал ягонай сім-карты. На пытанне навошта Еўціхееву ехаць у Беларусь, калі ён прасіў палітычнага прытулку ў Польшчы, Бяспалаў дакладна адказаць не змог. Прынамсі пашпарту ў яго не было.

Датэлефанавацца да Паўла Еўціхеева ў пятніцу насамрэч не атрымалася, аднак ужо ўчора ён быў дасяжны.

“Галаварэзы Дзіянава”

Як распавёў нам Павел Еўціхееў, канфлікты сярод мадэратараў вяліся ўжо даўно. Паводле яго, больш за год таму адміністратар “Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі” Вячаслаў Дзіянаў праз сваю дзяўчыну намагаўся захапіць суполку “Надакучыў нам гэты Лукашэнка”.

Што датычыць сённяшняй сітуацыі, то на пытанне пра крадзяжы сім-карты Еўціхееў адказваць адмовіўся: “Бяспалаў ужо больш за 2 тыдні таму скраў у мяне суполку “Ляпіс Трубяцкі – бескаштоўны канцэрт у Менску”, якая згодна з усімі дамовамі належала мне. …А аднаўленне законнага ўласніка (суполкі) і крадзеж – гэта трохі розныя рэчы”.

Паводле Еўціхеева, Бяспалаў нарказалежны, бо калі прыехаў у Польшчу, пасяліўся ў адным інтэрнаце з наркадылерам. Апальны адміністратар кажа, што Бяспалаў ужываў марыхуану, ЛСД, гашыш, экстазі, “аднак ён не калоўся”. Ён заявіў, што ў Беларусь не ездзіў хаця б праз тое, што не меў пры сабе пашпарту, а паліцыя з ім не звязвалася. Больш за тое, Еўціхееў сам збіраецца звярнуцца ў польскія праваахоўныя органы, каб зняпраўдзіць абвінавачанні Бяспалава.

Маладзён падзяліўся з “Белсатам”, што сёння ён мусіць зайсці ў бюро справаў іншаземцаў і там на яго ўжо будуць чакаць… “галаварэзы Дзіянава”. Пра гэта яго папярэдзіў знаёмы журналіст.

У самых суполках, дарэчы, ніякіх зменаў не заўважаецца. Пад узаемнымі абвінавачаннямі вядуцца палкія і бессэнсоўныя спрэчкі. З такімі канфліктамі і вербаванне не трэба.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў